Экскурсія ў музей яўрэйскага супраціўлення

- 8:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Вучні 7–10 класаў Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні – удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўцы” наведаліся з экскурсіяй у музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку.

77 гадоў назад, 26 верасня 1943 года, вязні навагрудскага гета здзейснілі арганізаваныя ўцёкі праз тунэль. Пра гісторыю Навагрудскага гета добра ведае кіраўнік музея яўрэйскага супраціўлення Тамара Вяршыцкая.

– Менавіта ў Навагрудку адбыліся самыя масавыя ўцёкі з гета на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Еўропы, – расказвае Тамара Рыгораўна. – Ідэя стварэння музея нарадзілася ў 1992 годзе, калі я пазнаёмілася з адным з тых, хто змог выжыць ў гэтых нечалавечых умовах, з Джэкам Каганам. Менавіта ён, аднойчы вярнуўшыся ў Навагрудак, расказаў пра гісторыю гета.

У самых жахлівых умовах людзі, змучаныя голадам, зламаныя горам ад страты блізкіх, знайшлі ў сабе сілы супраціўляцца. Некалькі доўгіх месяцаў яны пакорліва выконвалі сваю працу, употай рыхтуючы ўцёкі. Паўзлі, задыхаючыся, па вузкім падземным лазе – каб потым устаць у поўны рост, каб вырвацца з аблаў і змагацца ў партызанскім атрадзе.

У нашых выхаванцаў з’явілася выдатная магчымасць паслухаць гісторыю самых паспяховых ўцёкаў яўрэяў з нямецкага гета. Экскурсія праходзіла ў памяшканні былой стайні, дзе ў 1942–1943 гадах былі баракі працоўнага лагера. Тамара Вяршыцкая паведаміла, што за чатыры месяцы вязні вырылі тунэль даўжынёю прыкладна 220 метраў, праз які на волю выйшла каля 250 чалавек. Дзецям было цікава даведацца, як ім удалося зрабіць тунэль непрыкметна. Таксама яны паглядзелі, у якіх умовах жылі яўрэі ў гэтых бараках. Экскурсія прайшла даволі цікава і была пазнавальнай для нашых дзяцей.

Вольга РАДЧАНКА,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах ”Краязнаўцы”
Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий