У асеннім календары ёсць незвычайная дата, калі сэрца перапаўняецца пачуццём глыбокай удзячнасці да нашых бабуль і дзядуль, калі хочацца казаць ім самыя шчырыя і добрыя словы, быць асабліва чулымі і ўважлівымі да іх. Гэта дзень павагі да людзей старэйшага ўзросту – Міжнародны Дзень пажылых людзей.
Напярэдадні гэтага светлага свята ў Навагрудскай спецшколе-інтэрнаце стала добрай традыцыяй арганізоўваць сустрэчы з грамадзянамі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Такія сустрэчы многа значаць у жыцці людзей мудрага ўзросту, паколькі збліжаюць пакаленні, дораць цеплыню і радасць зносін, якіх часам так не хапае. А дзяцей вучаць клапаціцца пра пажылых людзей, праяўляць да іх міласэрнасць, спачуванне, павагу.
Сёлета сустрэча прайшла ў школьным музеі “Традыцыі чаявання”. Для прадстаўнікоў старэйшага пакалення была арганізавана цікавая экскурсія, ім расказалі пра сакрэты чайных цырымоній у розных краінах, гатункі гарбаты, правілы іх заварвання. Удзельнікі экскурсіі мелі магчымасць даведацца пра ўнікальныя прадметы чаявання ў займальнай форме “Музей у чамадане”. Вучні падрыхтавалі для гасцей тэатралізаванае прадстаўленне “Барыня і слуга”. У выкананні самых юных удзельнікаў сустрэчы прагучалі вершы і прыпеўкі. Кожны госць атрымаў у падарунак каляндарык і чайны пакецік, створаныя вучнямі школы.
Для пенсіянераў было арганізавана святочнае чаяванне, дзе прагучала мноства цёплых слоў і пажаданняў. За кубачкам духмянай гарбаты госці шчыра гаманілі на розныя тэмы, дзяліліся сваімі ўражаннямі і цікавымі рэцэптамі смачнага і карыснага зёлкавага чаю. Атмасфера сустрэчы атрымалася жывой, непасрэднай і ўтульнай. Вучні і педагогі падарылі радасць і добры настрой людзям старэйшага ўзросту, агарнулі гасцей клопатам і ўвагай, дапамаглі ім адчуць сябе патрэбнымі і шчаслівымі.
Таццяна МУРЗІЧ,
выхавальнік Навагрудскай спецшколы-інтэрната