Матчына сэрца

- 9:04МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Хочацца пазнаёміць вас з жанчынай, якая з гонарам носіць званне Маці. Святлана Міхайлаўна Ларчанка – жыхарка аграгарадка Бяседавічы Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.

Упершыню Святлана Міхайлаўна стала маці, калі ў яе самой у 1987 годзе нарадзілася дачурка Волечка. Дачунька расла, радавала маці і бацьку. А ў 1990 годзе ў сям’і мужа Святланы Міхайлаўны здараецца бяда: яго пляменнік застаецца сіратой. Шмат інстанцый давялося прайсці Святлане Міхайлаўне, каб забраць пад апеку хлопчыка з далёкага Падольска Маскоўскай вобласці.

Як кажуць, адна бяда не ходзіць. І праўда, яна прыйшла ў хату Святланы Міхайлаўны: заўчасна памірае яе любімы муж Станіслаў.

Жанчына застаецца адна ў вялікім трохпакаёвым доме, бо дачурка і пляменнік выраслі і ўжо вучыліся ў розных навучальных установах.

У той час насупраць дома Святланы Міхайлаўны размясціўся дзіцячы прыют. Сэрца жанчыны сціскалася ад болю і жалю, гледзячы на дзетак, якія з надзеяй чакалі вяртання да сваіх родных маці. Святлана Міхайлаўна пачала хадзіць у гэта прыют, знаёміцца з яго жыхарамі. Яе ўвагу прыцягнула адна дзяўчынка, даволі дарослая (на той момант ёй было чатырнаццаць год), і яе ніхто не хацеў браць у сям’ю. Аднойчы Святлана Міхайлаўна запрасіла дзяўчыну да сябе ў госці. Так Марына стала першай прыёмнай дачкой Святланы Міхайлаўны.

У 2007 годзе ў сям’і Святланы Міхайлаўны з’яўляюцца яшчэ прыёмныя дзеткі: Віталій сямі гадоў і шасцігадовая Настасся.

Калі Настасся заканчвала школу, Святлану Міхайлаўну стала палохаць думка, што ў яе доме знікне дзіцячы гоман, закончацца дамашнія заданні і бацькоўскія сходы. Хоць жанчына даўно ўжо стала бабуляй, унукі наведвалі яе толькі па выхадных, бо жылі ў раённым цэнтры, а яе матчына сэрца сумавала па дзіцяці. І тады Святлана Міхайлаўна прыводзіць у свой дом Рытачку – дзяўчынку з дома малюткі. На гэтым шляхі маці не заканчваюцца, і праз чатыры месяцы ў яе сям’і з’яўляецца дачурка Эльвіра сямі год, бацькі якой – перасяленцы з Украіны (маці дзяўчынкі памерла, а бацька быў вельмі хворы). У маі 2019 года да Рыты далучаецца яе старэйшая сястра Маша. Дзяўчаты розныя, кожная са сваім характарам, сястрычкі яшчэ і з рознымі дыягназамі. Але Святлану Міхайлаўну гэта не палохае. Яна цвёрда і роўна ідзе па сваёй дарозе, любіць сваіх дзяцей, змагаецца з іх захворваннямі. Дочкі называюць яе мамай, мамачкай, матуляй, а яна, у сваю чаргу, называе іх толькі ласкава: дачуркі, Рытачка, Элечка, Машанька. І ёй зусім няважна. колькі гадоў яе дзіцяці, пяць, дзесяць, трыццаць, яны назаўсёды застануцца яе роднымі дачуркамі і сынкамі.

Ірына МАЛАШАНКА,
педагог сацыяльны
Бяседавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Хоцімскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий