Калі я пазнаёмілася з часопісам “Юны ратавальнік”, зразумела што ён змяшчае не толькі інфармацыйна-пазнавальны матэрыял, які можна выкарыстоўваць на ўроках АБЖ, “Мая Радзіма – Беларусь” ці “Чалавек і свет”. Дзякуючы яму можна прыняць удзел у цікавых творчых конкурсах з добрымі прызамі. У канцы мінулага навучальнага года я прапанавала сваім вучням прыняць удзел у конкурсе “Мой клас”.
Разам мы сабралі і сістэматызавалі ўвесь матэрыял за чатыры гады. А яго аказалася нямала: гэта і фатаграфіі з нашых мерапрыемстваў, і вясёлыя выказванні вучняў, і нашы вялікія і маленькія перамогі… Усё гэта мы аформілі ў выглядзе інфармацыйна-забаўляльнага часопіса, адправілі на конкурс і з нецярпеннем сталі чакаць вынікаў.
І вось у ліпеньскім нумары “Юнага ратавальніка” нас чакае прыемная навіна: наша работа заняла 1-е месца.
Свой падарунак – набор спартыўнага інвентара (баскетбольны, футбольны і валейбольнымячы, скакалка з убудаваным секундамерам, мяч для фітнесу, гантэлі, набор для гульні ў настольны тэніс) – мы атрымалі дзякуючы сустрэчы, якую нам арганізавалі выпускаючы рэдактар часопіса Святлана Ламавая і інспектар Астравецкага РАНС Аляксандр Сачак на базе ясляў-сада № 3 Астраўца.
Ва ўстанове нам правялі займальную экскурсію па цэнтры бяспекі, які займае тры паверхі. На першым паверсе размешчаны тэматычныя экспазіцыі, забаўляльная зона для дзяцей, дзіцячае кафэ, вучэбна-трэніровачная база, тэлефонныя кабінкі для адпрацоўкі навыкаў выкліку службы ратавання, зона навучання правілам дарожнага руху. На другім паверсе знаходзіцца пакой задымлення, у якім штучна ствараецца экстрэмальная сітуацыя. На трэцім –медыцынскі блок з трэнажорамі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.
Дзеці з задавальненнем выконвалі ўсе пастаўленыя перад імі задачы. Так у гульнявой форме яны змаглі адчуць, што значыць быць ратавальнікам.
Пасля школьнікі наведалі пажарную аварыйна-выратавальную часць № 3 Астраўца. Тут нам дазволілі пасядзець у машынах, прымерыць пажарную форму, патрымаць у руках працоўныя прылады ратавальнікаў.
Пасля ўсіх выпрабаванняў нас чакаў абед, падчас якога таксама праводзіліся розныя віктарыны і конкурсы, у якіх кожны мог атрымаць невялікія падарункі. Завяршыўся незвычайны дзень уручэннем галоўнага падарункаі фатаграфаваннем на памяць.
Валянціна МІХАЙЛАВА,
настаўнік пачатковых класаў
Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна