У Дзень маці ў Віцебскім аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём у гонар жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці і ўдастоеных ганаровага звання лаўрэата прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка.
Сярод маці Віцебшчыны, якія прымалі ў гэты дзень віншаванні і найлепшыя пажаданні, амаль трэць – прадстаўніцы сферы адукацыі. Ордэнам Маці ўзнагароджаны памочнік выхавальніка ясляў-сада № 99 Віцебска Надзея Давыдзька і вартаўнік Бабыніцкага дзіцячага сада Полацкага раёна Ірына Мароз. На рабоце іх паважаюць як старанных, адказных, руплівых працаўніц, дома не ўяўляюць жыцця без галоўных захавальніц сямейнага шчасця.
А найвялікшае шчасце бацькоў – любімыя і любячыя дзеці. Старэйшая дачка Надзеі Аляксандраўны цікавіцца фізікай і матэматыкай, займаецца даследчай дзейнасцю, занесена на Дошку гонару школы. Малодшыя дочкі радуюць творчымі талентамі: адна іграе на скрыпцы, захапляецца танцамі і спявае ў хоры, другая – удзельніца вядомай вакальнай студыі “Карамель”. У сям’і Ірыны Пятроўны старэйшы сын выбраў прафесію электраманцёра. Разам з мужам яна многа ўвагі надае здароваму ладу жыцця, арганізоўвае сямейныя велапрабегі; бацькі маюць падзякі ад устаноў адукацыі за паспяховае выхаванне дзяцей. На цяперашні час абедзве жанчыны знаходзяцца ў адпачынку па догляду задзіцяці ва ўзросце да трох гадоў.
Дзевяць з дваццаці пяці сёлетніх лаўрэатаў прэміі аблвыканкама імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка працуюць у сістэме адукацыі.
Прыёмная маці аддзела па адукацыі Бешанковіцкага райвыканкама Лілія Стокінаразам з мужам узгадавала дваіх дзяцей. Дачка – начальнік атрада Віцебскага лячэбна-працоўнага прафілакторыя, сын – вадзіцель Астравенскага пажарна-аварыйнага выратавальнага паста Бешанковіцкага РАНС. Зараз бацькоўскія клопаты засяроджаны на выхаванні малодшага дзіцяці-школьніка, яго псіхалагічным і фізічным станаўленні, развіцці, сацыялізацыі. У новай сям’і хлопец знайшоў любоў, клопат і пачуццё абароненасці. Лілія Іванаўна па сумяшчальніцтву працуе санітаркай мясцовага ФАПа, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці клуба прыёмных бацькоў “Надзейны прычал”; сям’я трымае вялікую падсобную гаспадарку.
Ірына Шылёнак – калькулятар ясляў-сада № 1 Глыбокага. Старэйшы яе сын у прафесіі выбраў бацькаў напрамак (муж Ірыны Міхайлаўны працуе ў раённым аддзеле дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь): ён цяпер слухач Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь; двое малодшых дзяцей – школьнікі. У 2017 годзе сям’я Шылёнак заняла I месца ў конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я Глыбоччыны”, у 2018 годзе Дзмітрый і Алена сталі прызёрамі раённага мерапрыемства “Мама, тата, я – футбольная сям’я”.
Аліна Урбель-Сафіна – выпускніца ВДУ імя П.М.Машэрава, магістр мастацтвазнаўства. Старэйшы сын вучыцца ў Кастрычніцкай сярэдняй школе Віцебскага раёна, займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “МульціСтудыя”. Таленавіты пяцікласнік – аўтар трэцяй выставы графікі і фатаграфіі “Калейдаскоп”, пераможца 47-га Міжнароднага конкурсу мастацкіх твораў “Лідзіцэ” (Чэхія) і 5-га Міжнароднага конкурсу мультыплікацыі і дыяфільмаў “На сваёй зямлі”, дыпламант XXII Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў (за фільм “Віцебскі трамвай”). У 2017 годзе Аліна Тадэвушаўна асвоіла адукацыйную праграму аўтарскага курсу С.А.Марозава “Асновы дыягностыкі і карэкцыі парушэнняў аутыстычнага спектра”. За актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах па развіцці інклюзіўнай адукацыі яна неаднаразова ўзнагароджвалася падзячнымі лістамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
У намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Докшыцкага раёна Антаніны Ільясевіч – педагагічная сям’я: муж – настаўнік фізікі ў Бягомльскай сярэдняй школе. А вось сына прывабіла будаўнічая галіна, ён узначальвае будаўнічую арганізацыю ў Мінску. У дапаможнай школе-інтэрнаце Антаніна Іванаўна шчыруе два дзесяцігоддзі, на пасадзе намесніка дырэктара павыхаваўчай рабоце – з 2014 года. Рэалізуе новыя педагагічныя тэхналогіі выхавання, выступае адным з арганізатараў супрацоўніцтва з міжнародным і грамадскімі аб’яднаннямі і валанцёрамі (Фонд імя Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, “Дрэва жыцця”, “Планета дзяцей”).
Вольга Кішкурно, маці-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела па адукацыі Расонскага райвыканкама, разам з мужам узняла на ногі дваіх дзяцей і гадуе яшчэ семярых. Старэйшы сын – ваенны, жыве ў Мінску; сярэдні – навучэнец 3-га курса Ваеннай акадэміі; малодшага сямейная пара ўсынавіла, хлопчык наведвае дашкольную ўстанову. У дзіцячым доме сямейнага тыпу на выхаванні і ўтрыманні знаходзяцца 6 прыёмных дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Прыбіральшчык службовых памяшканняў Германавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Людміла Абрамчык – маці чацвярых дзяцей. Галава сям’і – індывідуальны прадпрымальнік, штогод ён з’яўляецца ўдзельнікам міжрэгіянальных спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве сярод лесарубаў, неаднаразова станавіўся прызёрам. Трое дзяцей – школьнікі. У раённым конкурсе “Уладар сяла” сям’я занялаIII месца ў 2014 і II месца ў 2015 годзе, I месца ў спартыўна-сямейным раённым конкурсе “Казачныя гонкі” ў 2018 годзе.
Майстар вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Вольга Белавусава працоўную дзейнасць у ліцэі пачынала з пасады кухоннага рабочага. У якасці майстра вытворчага навучання вялікую ўвагу скіроўвала на выхаваўчую работу з навучэнцамі, прафілактыку супрацьпраўных паводзін і фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. Зараз Вольга Пятроўна знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, разам з мужам гадуе траіх родных і траіх прыёмных дзяцей.
Людміла Тамей – настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы№ 8 Наваполацка, мае вышэйшую педагагічную адукацыю і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю выхавацеля, 14 гадоў адпрацавала выхавальнікам групы падоўжанага дня ў базавай школе для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, па месцы цяперашняй работы ўзначальвае прафкам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Прафесійная дзейнасць педагога нацэлена на максімальную карэкцыю парушэнняў развіцця і сацыялізацыю навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, яна ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскіх праектаў “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі” і “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадуктыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Разам з мужам Людміла Аляксееўна выхоўвае траіх дзяцей. У 2008 годзе сям’я стала пераможцай гарадскога конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я года”, у 2019 годзе выйшла ў фінал гарадскога этапу конкурсу “Шматдзетная сям’я года Наваполацка”.
Педагагічны стаж настаўніка геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 5 Віцебска Алены Жабянцяевай набліжаецца да 20 гадоў, на працягу трох з іх яна кіруе школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі, гісторыі, мастацтва і грамадазнаўства, вучэбнага прадмета “Чалавек і свет”. За гэты невялікі час удзельнікі метадычнага аб’яднання і іх вучні дасягнулі значных вышынь, у прыватнасці – перамаглі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” у намінацыі “Сацыяльны праект” іў XХIV Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па біялогіі. Па ініцыятыве і праекту настаўнікаў на чале з Аленай Міхайлаўнай у пойме ракі Віцьба адкрыты інклюзіўны парк “Вясёлкавы свет”.
Ва ўрачыстым прыёме і ўшанаванні маці прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў – старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, кіраўнікі абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, абласных аддзяленняў Беларускага фонду міру і Беларускага Дзіцячага фонду. Гераіням свята ўручылі грашовыя прэміі і шматлікія падарункі.
– Гэтае светлае свята служыць напамінам пра неацэннасць ролі маці ў сям’і і выхаванні дзяцей, – падкрэсліў Уладзімір Пенін. – Жанчына, якая падарыла жыццё, навучыла мудрасці, благаславіла на добрыя справы і пачынанні, заслугоўвае шчырай падзякі і пашаны. У нашай вобласці больш за 800 жанчын удастоены ордэна Маці, і больш за 500 – сталі лаўрэатамі прэміі З.М. Тусналобавай-Марчанка.
Штогод каля 9000 жанчын набываюць шчасце быць маці, з іх у сярэднім у 100 нараджаюцца двойні. У Беларусі склалася стабільная сістэма мер падтрымкі сем’яў, якая ўключае розныя віды выплат, ільгот, гарантый. Гэта адносіцца як да аховы мацярынства і дзяцінства, так і да таго сацыяльнага пакету льгот і гарантый, што суправаджае з’яўленне кожнага новага члена сям’і. Сем’ям з дзецьмі прызначаецца 11 відаў дзяржаўнай дапамогі. У бягучым годзе ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы павялічылася матэрыяльная падтрымка шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці,у якіх бацькі з інваліднасцю. Шмадзетныя сем’і атрымалі магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, у тым ліку на будаўніцтва, набыццё жылля, атрыманне адукацыі, медыцынскія паслугі. Для шматдзетных сем’яў у вобласці пабудавана 816 кватэр.
У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Рэспубліка Беларусь займае 25 месца з 179 і I месца – сярод краін СНД. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі спецыялізаванай медыцынскай дапамогі жанчынам і дзецям. У Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку арганізаваны цэнтры рэпрадуктыўнага здароўя моладзі; радзільныя дамы Віцебска, Наваполацка і Оршы функцыянуюць як перанатальныя цэнтры другога і трэцяга ўзроўняў. Падтрымліваючы мацярынства, мы разлічваем на ўзмацненне ролі і адказнасці бацькоў у выхаванні дзяцей, захаванні згоды і ўзаемаразумення ў сямейных адносінах. Дом, сям’я і дзеці – стваральны пачатак у жыцці кожнага чалавека, а ўрокі маці застаюцца галоўнымі на жыццёвым шляху.
– Наша дзяржава клапоціцца пра гарманічнае развіццё мацярынства і дзяцінства, аказвае ўсебаковую дапамогу сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, і ў першую чаргу – шматдзетным, – адзначыла Алена Жабянцяева. – Моцная здаровая сям’я – гэта моцная дзяржава. Сёння тут сабраліся ўнікальныя жанчыны рознага ўзросту і прафесій, з рознымі светапоглядамі – але слова “маці” аб’ядноўвае нас усіх. Дзень маці – свята, якое не проста існуе ў календары, а жыве ў душах і сэрцах. Няхай сэрца кожнай маці заўсёды будзе сагрэта любоўю дзяцей і ўпэўненасцю ў іх шчаслівай будучыні.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара