Добраахвотная акцыя “Чысты лес”, прымеркаваная да Года малой радзімы і ініцыяваная Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, прайшла ў Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна.
У нашай школе акцыя “Чысты лес” праводзіцца з 2010 года. За гэты час яна набыла сваіх пастаянных прыхільнікаў не толькі сярод навучэнцаў, але і іх бацькоў, і з кожным годам колькасць удзельнікаў акцыі расце. І сёння па добрай традыцыі актывісты Беларускага республіканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, члены школьнага лясніцтва (створанага ў далёкім 1966 годзе, за ім замацавана 146 гектараў лесу) сумесна з прадстаўнікамі Свіцязянскага лясніцтва адправіліся ў Свіцязянскі ландшафтны заказнік.
Удзельнікі акцыі ўбіралі прыбярэжную тэрыторыю ад адходаў, якія пакідаюць у лесе несвядомыя візіцёры. Дзякуючы добра ахвотнікам, якія прынялі ўдзел у акцыі, наш лес стаў больш чыстым. У выніку было сабрана каля двух кубаметраў смецця.
Трэба адзначыць, што для нас “Чысты лес” – гэта не разавая акцыя. Члены школьнага лясніцтва, супрацоўнічаючы СА Свіцязянскім лясніцтвам, пастаянна праводзяць асветніцкую работу, удзельнічаюць у пасадцы лесу (у рамках акцыі “Тыдзень лесу” высаджваем 3–5 гектараў лесу), ва ўборцы прыбярэжнай тэрыторыі возера Свіцязь, стыхійных звалак смецця, прыбіраюць тэрыторыю Свіцязянскага ланшафтнага заказніка на плошчы каля 6 гектараў, удзельнічаюць у міжнароднай экалагічнай акцыі “Зробім!”. Усіх нас аб’ядноўвае любоў да роднага краю і імкненне зрабіць яго больш прыгожым.
Настасся МАЦКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8-га класа
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна