Акцыя “За любімую Беларусь” стартавала ў рамках тыдня маці ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, што на Дзятлаўшчыне. Зялёную алею высадзілі з гэтай нагоды прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і школьнікі.
Нашым жыхарам пашанцавала: пасёлак увайшоў у абласную праграму развіцця аграгарадкоў і гарадскіх пасёлкаў. Вось і абʼядналіся неабыякавыя да прыгажосці і прыроды члены грамадскіх арганізацый: БСЖ, “Белая Русь”, прафсаюзнай арганізацыі, а таксама БРСМ Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Саджанцы рабінак, ліп і клёнаў было вырашана высадзіць на месцы знесенага будынка. Працавалі з запалам.
– Хочацца, каб наш пасёлак станавіўся больш зялёным. Мы будзем даглядаць за гэтымі саджанцамі, глядзець, як яны прыжываюцца, паліваць іх, – з гонарам сказаў Арцём Цярэшка, сябра валанцёрскага атрада “Рабі дабро”.
Іван Альшэўскі дадаў: “Літаральна праз паўгода мы станем студэнтамі. Хутка вырастуць рабіны, ліпы і клёны. Яны будуць радаваць не толькі нас, але і навакольных, упрыгожыўшы зялёным покрывам пустку нашага пасёлка”.
На месцы пасаджанай алеі засталася таблічка з надпісам: “Алея высаджана ў тыдзень маці. За Беларусь! Захоўваючы – прымнажаем. 16 кастрычніка”.
Давайце будзем рабіць добрыя справы!
Галіна ХІЛІМОНЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна