Назіраючы за тым, як у свеце набіраюць папулярнасць камандныя інтэлектуальныя гульні, мы падумалі пра тое, што прыйшоў час перайначыць фармат нашых звыклых віктарын на нешта больш сучаснае. І абвясцілі серыю гульняў гарадскога квіза “Увесь свет”.
Квіз – галаваломная гульня-віктарына на логіку, кемлівасць і кругагляд. Пытанні могуць быць на веданне, логіку, нестандартнае бачанне, складаныя і прасцей, тэматычныя і разнамасныя – як пашанцуе.
Арганізатарамі квіза выступілі маладзёжны клуб Рускага геаграфічнага таварыства ў Гомелі, гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Расійскі цэнтр навукі і культуры.
Сусветны дзень гарадоў паслужыў тэмай першай гульні. Прадэманстраваць веды славутасцей самых вядомых гарадоў свету, даведацца пра новыя цікавыя факты з гісторыі і культуры сабраліся 10 каманд школьнікаў 7–11 класаў (гомельскія сярэднія школы № 1, 3, 26, 27, 30, 60, 67, 69, гімназія № 14 Гомеля, гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі).
Гульня прайшла ў тры туры. Першы – архітэктурны (мультымедыйны) тур “Вялікія гарады свету” – прайшоў у фармаце відэавіктарыны. Хлопцы і дзяўчаты паглядзелі ролікі вядомых панарам гарадоў і вызначылі іх назвы.
Наступны тур пад назвай “Сталіцы свету” тычыўся геаграфіі і праводзіўся з выкарыстаннемконтурнай карты.
Нарэшце трэці – гістарычны тур – прайшоў у форме гульні “Тры падказкі”. Гульцы з трох спроб павінны былі адгадаць назву горада.
Наперадзе ў гомельскіх школьнікаў яшчэ тры гульні, якія будуць прысвечаны новым тэмам з геаграфіі, гісторыі, культуры і традыцый народаў свету. Пераможцам стане каманда, якая набярэ максімальную колькасць балаў за чатыры гульні. Другая гульня адбудзецца ўжо ў снежні і будзе прысвечана Калядам і Новаму году.
Квіз-гульня дазволіла зацікавіць нават самых пасіўных спачатку ўдзельнікаў і правесці гульню дынамічна і весела. Самі ж удзельнікі прызналіся, што кожны з іх знайшоў у квізе нешта сваё – цікавую тэму ці спосаб арганізацыі прыемнага вольнага часу ў коле аднадумцаў.
Людміла ПРЫСКОКА,
загадчык аддзела турызму і краязнаўства
Гомельскага гарадскога цэнтра
дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі