Любоў да Радзімы, дабрачыннасць і валанцёрства – з’явы падобныя, бо ўсё гэта пачынаецца з павагі і гонару да малой радзімы, з добрых учынкаў і дапамогі абяздоленым і нямоглым. Бясспрэчна, праца валанцёраў згуртоўвае дзяцей у адзіную місію – імкненне ствараць дабро, прычым добраахвотна, без якіх-небудзь узнагарод. Дзякуючы гэтаму мы можам фарміраваць у падрастаючага пакалення такія рысы, як гонар, самапавагу, задавальненне ад працы і яе вынікаў, а таксама актыўную жыццёвую пазіцыю.
Знаёмства пяцікласнікаў з валанцёрствам пачалося з сустрэчы з валанцёрамі старэйшых класаў школы, якія падзяліліся сваімі першымі ўражаннямі і першымі крокамі ў валанцёрскім руху сярэдняй школы № 3 Ашмян “Планета сяброў”. Пяцікласнікі, пачуўшы захапляльны аповед старэйшых вучняў пра радасць і гонар ад здзейсненых учынкаў, ад стварэння простага дабра, зацікавіліся валанцёрскай дзейнасцю і гатовы былі з першых хвілін рабіць добрыя справы.
Стартам дзейнасці пачынаючых валанцёраў стаў удзел у акцыі “Залаты ўзрост”, калі вучні наведалі ветэранаў педагагічнай працы і павіншавалі з Днём настаўніка. Не толькі ветэраны, але і самі дзеці атрымалі вялікае задавальненне ад стварэння радасці і дабра. Такі просты, але важны ўчынак маленькім валанцёрам даў неверагодныя адчуванні сваёй неабходнасці, патрэбнасці, калі чыталіся і чуліся словы ўдзячнасці ў свой адрас.
Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей у пятым класе была праведзена інфармацыйная гадзіна “Быць міласэрным – што гэта значыць?”, падчас якой дзеці ўзгадалі гісторыю з’яўлення свята, паразважалі над паняццем “міласэрнасць”. А для нагляднага ўяўлення прагледзелі відэаролікі “Самы добры кліп” і “Чаша вашага жыцця”. У рамках акцый “Добрае сэрца – ветэранам” і “Міласэрнасць” пяцікласнікі-актывісты правялі суботнік, на якім аказалі дапамогу адзінока пражываючым пажылым грамадзянам у добраўпарадкаванні падворка, гаспадарчых пабудоў, уборцы агародніны і садавіны.
З мэтай прыцягнення ўвагі маладога пакалення да праблем экалогіі ўжо другі год сярэдняя школа № 3 Ашмян удзельнічае ў дабрачынным сацыяльна-экалагічным праекце “Новае жыццё ў абмен на вечкі”. І кожны вучань школы ведае, як можна лёгка стаць карысным і патрэбным і заняцца дабрачыннасцю без фінансавых і матэрыяльных выдаткаў. Школьнікі з задавальненнем далучаюцца да праекта, бо разумеюць, што асобны збор розных відаў пластыку палепшыць стан навакольнага асяроддзя.
Напярэдадні Міжнароднага дня энергазберажэння вучні пятага класа распачалі экалагічную акцыю па зборы адпрацаваных батарэек “Зберагчы прыроду – здаць батарэйку!” Ад настаўніка хіміі дзеці атрымалі буклеты з карыснай інфармацыяй пра шкоду батарэек для экалогіі і чалавека, пра іх правільную ўтылізацыю. Наступным пунктам у валанцёрскім руху пяцікласнікаў стане ўдзел у акцыі “Ад сэрца да сэрца” да Міжнароднага дня інвалідаў і ў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” па вырабе паштовак і сувеніраў для людзей з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і для выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу.
Безумоўна, выхаванне патрыятычнай і духоўна-маральнай асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй трэба пачынаць з прапаганды ідэалаў міласэрнасці і гуманізму. І якраз валанцёрскія рухі ва ўстановах адукацыі з’яўляюцца адным з лепшых памочнікаў для гэтага. Будзем спадзявацца, што валанцёрская дзейнасць дасць магчымасць вырасці новаму пакаленню адкрытым, шчырым, гатовым на бескарыслівую дапамогу.
Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян