Вучні Нягневіцкай сярэдняй школы падчас восеньскіх канікул наведалі Цэнтр бяспекі ў Лідзе.
Работнікі Цэнтра гасцінна сустрэлі хлопчыкаў і дзяўчынак і прапанавалі здзейсніць займальнае падарожжа па вучэбных пляцоўках.
Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі супрацоўнікаў, атрымалі шмат матэрыялу і замацавалі веды пра тое, як дзейнічаць пры пажары, што трэба казаць дыспетчару экстраных службаў, як аказваць першую дапамогу пацярпеламу на вадзе, што ўзяць з сабой у лес і як там не заблудзіцца, як паводзіць сябе падчас навальніцы.
Так, першая пляцоўка, куды былі запрошаны дзеці, называлася “Правілы паводзін у горадзе”. Тут супрацоўнікі цэнтра ў гульнявой форме яшчэ раз нагадалі правілы дарожнага руху. Звярнулі ўвагу і на такую праблему, як выкарыстанне мабільных тэлефонаў і навушнікаў пры пераходзе праезных частак.
Пры наведванні пакоя экстраных выклікаў, школьнікам нагадалі алгарытм выкліка службы ратавання, а затым кожны жадаючы змог паспрабаваць зрабіць гэта на практыцы, адказаўшы на ўсе пытанні дыспетчара.
Далей кожнаму было прапанавана прайсці дымавы пакой. Перад гэтым, вядома ж, абмеркавалі, як правільна паводзіць сябе пры задымленні.
Павучальны ўрок дзеці атрымалі пры наведванні пакою з пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, дзе навучэнцам прадэманстравалі, як карыстацца вогнетушыцелем і якія падручныя сродкі можна выкарыстоўваць у якасці вогнетушыцеля.
Па заканчэнні экскурсіі па пакоях Цэнтра бяспекі хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі замацаваць атрыманыя веды на практычных занятках. З тэстамі, дарэчы, усе справіліся выдатна.
Жанна САЦЕЕВА,
класны кіраўнік 2-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна