Клопат пра здароўе дзяцей з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ясляў-сада № 7 Ганцавіч. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне гэта стала актуальным удвая, і ўнашай установе працягваюць праводзіцца розныя мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў і супрацоўнікаў ва ўмовах пандэміі.
Адукацыйны працэс будуецца ў адпаведнасці з планам арганізацыйных і санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджанні ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19. Ён прадугледжвае пільны ранішні прыём выхаванцаў, захаванне рэжыму, праветрыванне памяшканняў, штодзённыя прагулкі на свежым паветры. Уведзены абавязковы масачны рэжым для супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Акрамя таго, з дзецьмі праводзяцца дні здароўя, пазнавальныя і гульнявыя заняткі з серыі “Я здароўе зберагу – сам сабе дапамагу!”, хвілінкі зносін “Парады доктара Пілюлькіна”, рашэнне праблемных сітуацый “Дапамажы Нязнайку быць здаровым”, квест-гульні “У краіну Небалейку” і інш.
Яркім і запамінальным стаў тэматычны дзень пад дэвізам “Каб COVIDам не хварэць, вітаміны трэба есці!”, які прайшоў у яслях-садзе 12 лістапада. Педагогі з дзецьмі праводзілі заняткі, гутарылі, гулялі, чыталі мастацкую літаратуру на тэму “Што рабіць, каб не захварэць”.
Не абышлося ў гэты дзень без творчасці і фантазіі. На дапамогу прыйшлі лепшыя сябры дзіцячага садка – бацькі нашых выхаванцаў. Яны папрацавалі са сваімі дзецьмі і прынеслі сапраўдныя творы мастацтва на выставу вырабаў з гародніны і садавіны, у якой прынялі ўдзел усе групы без выключэння. Было адзначана, што ўсе экспанаты адрозніваліся арыгінальнасцю, крэатыўнасцю і, вядома ж, сваёй карыснасцю! Бацькі праявілі майстэрства і талент, выкарыстоўваючы самыя простыя восеньскія шчодрасці з агарода: бульбу, моркву, капусту, гарбуз, яблыкі, грушы, ягады, а таксама сабранае на прагулцы лісце, палачкі, жалуды, шышкі.
Яркімі, эстэтычнымі, вітаміннымі вырабамі былі ўпрыгожаны сталы пры сервіроўцы да абеду, дзякуючы чаму прыём ежы ў нашых выхаванцаў атрымаўся больш апетытным. Прывабнасць і незвычайнасць сервіроўкі сталоў дапамагла зацікавіць малых правіламі здаровага харчавання, а таксама яны даведаліся пра карысныя ўласцівасці многіх прадуктаў.
Тэматычны дзень атрымаўся пазнавальным. Выхаванцы раскрылі шмат сакрэтаў, неабходных для захавання здароўя. Выхавальнікі данеслі дзецям, што гэтыя сакрэты – побач з намі, у самых звычайных, на першы погляд, рэчах.
Таццяна ШАХРАЙ,
загадчык ясляў-сада № 7 Ганцавіч