У 1 “А” классе cярэдняй школы № 3 Смаргоні прайшло спартыўнае свята “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”.
У спаборніцтвах удзельнічалі тры сям’і: Гаўрылавых, Мядзвецкіх і Літвінавых. Таты – злёгку бадзёрыя, месцамі падцягнутыя і нават у чымсьці непераможныя. Мамы – заўсёды ў форме – нагадвалі пра сябе пастаянныя трэніроўкі: бег па крамах, мыццё, уборка. І, нарэшце, дзеці – яшчэ з пялёнак доўгія гады яны пастаяннымі трэніроўкамі гартавалі і аб’ядноўвалі сваіх бацькоў у дружную каманду.
З першай жа эстафеты сем’і “рынуліся ў бой”. Камандам былі прапанаваны займальныя, часам вельмі няпростыя, конкурсы з бегам, катаннем на самакаце, скачкамі. Яны змагліў поўнай меры праявіць свае спартыўныя навыкі. Усе этапы гэтага займальнага спаборніцтва праходзілі ў напружанай барацьбе. Заўзятары і гледачы сачыліза ходам падзей і гучна перажывалі.
Свята прайшло ў сяброўскай атмасферы. Настолькі сяброўскай, што пасля ўсіх праведзеных эстафет усе тры сям’і набралі аднолькавую колькасць балаў! Каб знайсці пераможцаў, было прынята рашэнне правесці дадатковы конкурс “Кідок мяча ў кольца”. І нават у гэтым конкурсе татам не ўдалося вырашыць спрэчку. Інтрыгу вырашылі мамы.
У выніку першае месца занялі Валерый Цімафеевіч, Алена Іванаўна і Кацярына Гаўрылавы, другое месца – Мікалай Мікалаевіч, Ганна Іванаўна і Паліна Мядзвецкія; трэцяе месца – Уладзімір Леанідавіч, Вольга Уладзіміраўна і Платон Літвінавы. Сем’і былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, дзеці– прызамі. Усе ўдзельнікі атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый. А якім шчасцем свяціліся вочкі дзетак! Яны ганарыліся, што бацькі побач!
Юлія БУРАЧЭЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 3 Смаргоні