Прафарыентацыйная работа УВА з выпускнікамі школ

- 8:44Высшая школа

 

На восеньскіх школьных канікулах эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны традыцыйна правёў лагер для школьнікаў “Восеньская школа абітурыента”. Адбылося знаёмства будучых абітурыентаў з перавагамі навучання на факультэце і спецыяльнасцямі, на якія ажыццяўляецца набор на дзённую форму навучання.

     

“Восеньская школа абітурыента” працавала на працягу чатырох дзён. Актуальнымі для 50 навучэнцаў з 10 школ, гімназій і ліцэяў Гомеля сталі тэмы: “Бізнес-лідар у лічбавай эканоміцы”, “Дзень дзелавой англійскай мовы”, “Гісторыя грошай і крыптаэканомікі”, “Маркетынгавы інсайт: што гэта такое”.

Загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі, уліку і камерцыі Вікторыя Кавальчук пазнаёміла дзяцей са спецыяльнасцю “Эканамічная інфарматыка”, а старшыя выкладчыкі кафедры правялі для школьнікаў IT-конкурс “Інфармацыйныя сістэмы кіравання бізнесам” і забаўляльную віктарыну “Знаўцы інфарматыкі і эканомікі”, пазнаёмілі з інфармацыйнымі тэхналогіямі кіравання на базе 1С:Прадпрыемства і правялі дзецям экскурсію па аўдыторыях і камп’ютарных класах факультэта, дзе паказалі фарматы правядзення заняткаў са студэнтамі розных курсаў.

Другакурснікі спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры англійскай мовы Таццяны Пачынок дапамаглі ў арганізацыі дня дзелавой англійскай мовы. Студэнты паказалі прэзентацыі пра гісторыі поспеху знакамітых асоб; школьнікі абмеркавалі відэа – прамову Стыва Джобса, заснавальніка кампаніі Apple, да выпускнікоў Стэнфардскага ўніверсітэта, дзе ён распавёў пра тое, што ж з’яўляецца асноўным у жыцці. У другой частцы мерапрыемства студэнты правялі чатыры прэзентацыі пра самыя буйныя міжнародныя кампаніі і іх заснавальнікаў. У заключнай частцы прэзентавалі сучасныя маркетынгавыя тэхналогіі і прыклады паспяховых рэкламных кампаній. Пасля прайшла камандная бізнес-гульня “Рэклама бізнес-праекта”. Усё мерапрыемства праходзіла на англійскай мове.

Мадэратарам дня “Восеньскай школы абітурыента” у межах работы секцыі “Гісторыя грошай і крыптаэканомікі” выступала кафедра фінансаў і крэдыту. Пра запатрабаванасць фінансавай адукацыі і перспектыўнасць прафесіі фінансіста распавяла загадчыца кафедры Ларыса Дзяргун. Займальны навучальна-адукацыйны майстар-клас “Гісторыя грошай і крыптаэканомікі” правяла старшы выкладчык кафедры Алена Кадоўба. Дзеці даведаліся пра эвалюцыю грошай ад моманту з’яўлення да крыптавалют, а таксама ўбачылі экспанаты музея “Гісторыя грошай”, які дзейнічае на базе кафедры фінансаў і крэдыту. Там ёсць манеты Рымскай імперыі, Вялікага княства Літоўскага, Старажытнай Русі, грошы Царскай Расіі, замежных краін, а таксама памятныя калекцыйныя манеты Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь. Вывучэнне экспанатаў музея і абмеркаванне займальных фактаў, звязаных з грашыма розных краін свету, выклікала вялікую цікавасць у абітурыентаў. Праграму завяршыў інтэлектуальны бліц-турнір “Грашовая віктарына”: дзеці з запалам адказвалі на пытанні, дэманстравалі глыбокія веды, выдатную эрудыцыю і кемлівасць.

Трэнінг “Маркетынгавы інсайт” правяла дацэнт кафедры эканомікі і кіравання Ганна Казушчык і студэнты другога курса спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне”. Што такое інсайт у маркетынгу і рэкламе, чаму сучасны спецыяліст павінен умець генераваць ідэі, працаваць у камандзе і творча падыходзіць да рашэння задач – гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў праграме трэнінгу. Будучыя менеджэры-эканамісты падрыхтавалі цікавыя прэзентацыі пра самыя лепшыя маркетынгавыя кейсы лідараў сусветнага рынка. Вучні школ працавалі над заданнем “Распрацоўка нэймінга і слогана, прапанова тавара рынкавай навізны для малога бізнесу”.

    

Намеснік дэкана эканамічнага факультэта па выхаваўчай рабоце, старшы выкладчык кафедры Кацярына Яраш распавяла пра яшчэ адну важную частку студэнцкага жыцця – удзел у культурных, творчых і спартыўных мерапрыемствах, якія рэгулярна праводзяцца на эканамічным факультэце і ва ўніверсітэце.

Па выніках правядзення ўсіх конкурсаў і віктарын “Восеньскай школы абітурыента” школьнікі атрымалі памятныя сувеніры і дыпломы. Выкладчыкі эканамічнага факультэта шчыра спадзяюцца, што сустрэчы былі карыснымі, займальнымі і пакінулі прыемныя ўражанні.

Наталля ШАЛУПАЕВА,
намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце
эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Францыска Скарыны

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий