Пачынаючы з першай малодшай групы, праз розныя віды дзейнасці і формы працы фарміруецца экалагічная культура выхаванцаў ясляў-сада г.п. Мір. Нашы дзеткі вучацца правілам паводзін у прыродзе, знаёмяцца з правіламі эканомнага выкарыстання рэсурсаў, паасобнага збору адходаў.
Нядаўна, у рамках экалагічнага выхавання, у нашай установе прайшла акцыя з цікавай назвай “Экасумка – гэта крута!”.
На сённяшні дзень адной з найважнейшых экалагічных праблем на зямлі з’яўляецца ўтылізацыя смецця, у прыватнасці, адходаў з пластмас, поліэтылену і гумы, якія неразлагаюцца.
Асаблівая ўвага надаецца ўтылізацыі поліэтыленавых пакетаў. Штодня ў магазінах ва ўсім свеце прадаюцца тысячы тон такіх пакетаў, вялікая частка якіх не падвяргаецца другаснай апрацоўцы, а проста адпраўляецца на звалкі. Кожны пакет затрымаецца на планеце на 100–400 гадоў ці нават больш (у залежнасці ад таго, з якога віду пластыка ён быў зроблены), а карысталіся ім не больш за дзве гадзіны! І калі падумаць, што кожны год каля 100 тысяч марскіх жыхароў паміраюць ад забруджвання вады пластыкавымі рэчамі, у тым ліку і пакетамі, – становіцца проста жудасна.
Добрай альтэрнатывай пластыкавым пакетам з’яўляюцца шматразовыя тканінныя сумкі – экасумкі. Яны маюць цэлы шэраг пераваг: практычныя, трывалыя, зносаўстойлівыя, лёгкамыюцца і – галоўнае – не забруджваюць навакольнае асяроддзе, таму што пасля зносу натуральныя тканіны лёгка ўтылізуюцца прыродным шляхам. А яшчэ экасумкі, у адрозненні ад сумнага і нічым не прывабнага пластыкавага пакета, модныя, элегантныя, індывідуальныя. Калі ж яны выраблены сваімі рукамі, то наогул становяцца эксклюзіўнай, непаўторнай рэччу.
Таму наша акцыя “Экасумка – гэта крута!” знайшла шырокую падтрымку сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Работнікі дашкольнай установы дапоўнілі свае вобразы сумкамі, зробленымі сваімі рукамі, а сярод выхаванцаў прайшоў агляд-дэфіле. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дэманстравалі свае экасумкі, вырабленыя з любоўю і фантазіяй іх бацькамі. Вельмі спадзяемся, што бацькі таксама далучацца да нашай ініцыятывы і набудуць такую зручную і патрэбную ў быце памочніцу. А калі без слоў можна дапамагаць навакольнаму асяроддзю, проста сваім прыкладам,– гэта ж выдатна, праўда?
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г.п. Мір
Карэліцкага раёна