26 лістапада ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні прайшла чарговая сустрэча ў Школе Актыўнага Грамадзяніна на тэму “Мы ў сучаснай медыяпрасторы: павага, бяспека, дакладнасць”.
На мерапрыемства да вучняў 10–11 класаў была запрошана загадчык аддзела тэлевяшчання “Окс-ТВ” рэдакцыі газеты “Светлы шлях” Вікторыя Бічурына.
Сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць сабой адзін з найважнейшых інстытутаў сучаснага грамадства, таму што непасрэдна ўплываюць на фарміраванне грамадскай свядомасці. За апошнія гады інфармацыйная прастора кардынальным чынам змянілася. Вікторыя Віктараўна распавяла школьнікам пра асаблівасці работы тэлебачання ў сучасных умовах.
Загадчык аддзела падзялілася з хлопцамі і дзяўчатамі прынцыпамі адбору інфармацыі, правіламі правядзення інтэрв’ю, асаблівасцямі стварэння сюжэтаў. У фокусе абмеркавання апынуліся пытанні адказнага выкарыстання анлайн-тэхналогій, медыяпісьменнасці і адказнасці, адрознення дакладных звестак ад недакладнай інфармацыі, бяспечнай інфармацыі ад шкоднай. Супрацоўнік рэдакцыі адзначыла таксама, что інтэрнэт не знішчае традыцыйныя СМІ (тэлебачанне, радыё, прэсу), але прымушае іх мяняцца, укараняць новыя фарматы, тэхналогіі. У сваю чаргу, закон надзяліў інтэрнэт-рэсурсы правамі і абавязкамі традыцыйных СМІ.
Выпускнікоў цікавілі розныя бакі прафесіі журналіста, службовыя абавязкі рэдактара тэлевяшчання, работа аператара і інш.
У практычнай частцы мерапрыемства “Узровень медыякультуры асобы і грамадства” вучням было прапанавана скласці спіс ведаў і ўменняў, якімі павінны валодаць спажыўцы і стваральнікі мэдыякантэнту. Старшакласнікі вырашылі, што спажыўцу неабходна ўмець шукаць інфармацыю, правяраць яе дакладнасць і крытычна ацэньваць кантэнт. Стваральніку, на думку навучэнцаў, неабходна разумець меру адказнасці за свае дзеянні ў сродках масавай інфармацыі і камунікацыі.
Падводзячы вынікі сустрэчы, вучні адзначылі актуальнасць тэмы гутаркі. Асноўная ж думка, якая засталася ў іх пасля размовы са спецыялістам, заключаецца ў тым, што сучасны чалавек не можа адмовіцца ад інфармацыі, якая атрымліваецца праз сродкі масавай інфармацыі, але любыя звесткі ён павінен асэнсоўваць крытычна.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні