Далонькі дабрыні

- 17:30ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Вядома, гэты дзень нельга называць святочным, аднак ён нагадвае нам усім, што побач ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, што наша грамадства і мы самі павінны клапаціцца пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Дзеці з інваліднасцю – асаблівыя дзеці, і ў нашай школе ім надаецца належная ўвага.

У 1“Б” класе інтэграванага навучання і выхавання нядаўна прайшоў класны час “Далонькі дабрыні”. Сумесна з класным кіраўніком Людмілай Станкевіч мы расказалі дзецям гісторыю ўзнікнення гэтага дня, абмеркавалі назву тэмы. Амаль кожны ведаў пра людзей, якія ў чымсьці адрозніваюцца ад нас.

Адным з галоўных этапаў класнай гадзіны стаў прагляд мультфільма паводле твора В.Катаева “Кветачка-вясёлка”. Увага дзяцей была звернута на тое, што жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі вельмі адрозніваецца ад жыцця звычайных людзей. Дзеці зрабілі выснову, што самым правільным, абдуманым жаданнем гераіні мультфільма Жэні было сёмае, калі яна загадала, каб Віця ачуняў. Падчас абмеркавання вучні расказвалі,чым кожны з іх мог бы дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі. У нашым класе вучыцца дзяўчынка з інваліднасцю, якую завуць Варвара. Яна мае патрэбу ў зносінах, у радасці, разуменні. Дзеці падарылі Вары малюнак-падтрымку.

З цікавасцю вучні прагледзелі прэзентацыю, пазнаёміліся з моцнымі, упартымі, мэтанакіраванымі людзьмі: спартсменамі, людзьмі навукі, пісьменнікамі, музыкантамі, якія ад нараджэння або ў сілу абставін сталі інвалідамі, але змаглі перамагчы цяжкасці і даказаць усім, што любыя складанасці можна пераадолець, калі мець мэту.

Скончылася наша класная гадзіна практычным заданнем “Далонька дабрыні”. Далонька – гэта дзіцячы сімвал міру, дружбы, дабрыні і адкрытасці. Дзеці з задавальненнем пакідалі свае пасланні – каляровыя далонькі, якія сімвалізуюць шчаслівае мірнае дзяцінства.

Праводзячы такую класную гадзіну, мы хацелі паказаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі такія ж, як і мы. Такія мерапрыемствы дапамогуць навучэнцам зрабіць свой першы крок да таго, каб праявіць уласную міласэрнасць і спачуванне.

Надзея СОБАЛЕВА,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы №
 1 Калінкавічаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий