Экасумка замест пакета

- 16:06ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Мы спажываем прыродныя рэсурсы, энергію, вырабляем мноства аднаразовых тавараў, якія амаль адразу пасля выкарыстання становяцца смеццем і забруджваюць усё наваколле. Поліэтыленавыя пакеты не гніюць і таму з’яўляюцца экалагічнай праблемай. Што можна прапанаваць узамен поліэтылену? Тэма зацікавіла педагогаў і выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Калінкавічаў. Мы прапануем свой варыянт рашэння праблемы.

Ва ўстанове прайшла прыродаахоўная акцыя “Экасумка замест пакета”. Яе мэта – прыцягнуць увагу выхаванцаў, бацькоў і грамадскасці, каб адмовіцца ад поліэтыленавых пакетаў і тым самым скараціць колькасць смецця.

 

Падчас арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцы старшых і сярэдніх груп разам з выхавальнікамі дашкольнай адукацыі Праскоўяй Есьман, Вольгай Гарыст і Святланай Беленькай разважалі на тэму пластыкавых пакетаў. Мімаволі задумаліся над тым, што раней без іх неяк абыходзіліся. Прыйшлі да высновы, што пластыкавы пакет цалкам рэальна можна замяніць. Дзеці прапанавалі выкарыстоўваць папяровыя пакеты, авоські і гаспадарчыя экасумкі. Але папяровых пакетаў аб’екты гандлю пакуль прапануюць недастаткова, значыць, нам патрэбны гаспадарчыя сумкі шматразовага выкарыстання.

Таму ў межах акцыі ва ўстанове была арганізавана выстава “Экасумка замест пакета”, якая выклікала вялікую цікавасць. Бацькі прыносілі яркія, крэатыўныя, стыльныя экасумкі, якія выкідваюцца значна радзей. Вялікая частка сумак, прапанаваных на выставе, была зроблена з натуральных тканін.

 

Педагогі і выхаванцы старшай групы № 1 (выхавальнік дашкольнай адукацыі Праскоўя Есьман) прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Была праведзена экскурсія да бліжэйшага гіпермаркета, дзе пакупнікам прапанавалі развітацца з поліэтыленавымі пакетамі ў абмен на экасумку. Выхаванцы раздавалі лістоўкі пакупнікам з такой інфармацыяй: “Калі вы жадаеце выглядаць эфектна і арыгінальна, варта развітацца з перажыткам мінулага – поліэтыленавым пакетам і купіць экасумку! Адна экасумка праслужыць вам такі ж тэрмін, за які вы б выкарыстоўвалі і выкінулі дзясяткі, а то і сотні поліэтыленавых пакетаў. Самая прывабная ўласцівасць экасумак – яркі, разнастайны, стыльны дызайн!”

Вядома, жыхары нашага горада яшчэ не гатовыя да таго, каб адмовіцца карыстацца поліэтыленавымі пакетамі. Значыць, неабходна і далей праводзіць работу па прапагандзе адмовы ад іх выкарыстання. Пачынаць яе трэба з самымі маленькімі жыхарамі нашага горада – дашкалятамі.

“Папера ці пластык?” – няправільнае пытанне. Прыйшоў час зразумець – калі вы не жадаеце забруджваць наваколле, выкідваць рэсурсы, грошы кожны раз, калі робіце пакупкі, то ў наступны раз, калі пойдзеце ў краму, прыносьце сваю ўласную экасумку.

Людміла ДРУЧКОВА,
выхавальнік-метадыст
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Калінкавічаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий