Прэзентацыя дзейнасці крэатыў-студыі абласнога рэсурснага інавацыйнага цэнтра адбылася ў Магілёўскай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава. Мерапрыемства праходзіла дыстанцыйна на платформе Zoom. У ім прынялі ўдзел звыш 30 устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці.
Рэсурсны інавацыйны цэнтр “Укараненне тэхналогій event-менеджменту ў сацыяльна-культурную дзейнасць устаноў адукацыі” пачаў сваё функцыянаванне ў верасні пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі-каледжа Аляксандра Яўгенавіча Курсакова. З мэтай аказання навукова-метадычнай, інфармацыйнай і псіхолага-педагагічнай дапамогі калегам у складзе рэсурснага інавацыйнага цэнтра дзейнічае школа event-менеджэра, інфармацыйна-кансультатыўны цэнтр і псіхолага-педагагічны пункт.
Пасля арганізацыі цэнтра прадоўжылася шматгадовае супрацоўніцтва гімназіі-каледжа з курсамі павышэння кваліфікацыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Для слухачоў праведзены абласныя майстар-класы, семінары-практыкумы, практычныя заняткі ў галіне музычнага і харэаграфічнага мастацтва. У гэтым навучальным годзе прайшоў таксама шэраг абласных навукова-метадычных мерапрыемстваў.
Калі дакладней, адбыліся практычныя заняткі для настаўнікаў харэаграфічных дысцыплін і канцэртмайстраў Магілёўшчыны. Сакрэтамі свайго майстэрства на прыкладзе работы з навучэнцамі ў класах акадэмічнага вакалу, струнных, смычковых і духавых інструментаў падзяліліся выкладчыкі А.У.Харытонава, М.А.Кандрацьева, С.У.Кальчыга і І.І.Пеганаў. Майстар-клас па класічным танцы прадэманстравала А.У.Саланец, па народна-сцэнічным танцы – М.П.Пугачова.
У рамках работы школы event-менеджэра было праведзена адкрытае пасяджэнне па тэме “Віды мерапрыемстваў. Тэхналогія арганізацыі мерапрыемстваў”. Кіраўнік школы А.В.Шамчыкава, а таксама члены крэатыў-студыі В.У.Абрамовіч і В.Ф.Грашчанка пазнаёмілі слухачоў з тэхналогіяй арганізацыі і правядзення канцэртных і конкурсных event-мерапрыемстваў.
На VI абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Музычная культура Магілёўшчыны: нацыянальныя традыцыі ў творчасці, выканальніцкім мастацтве, педагогіцы” выкладчык Т.Л.Іванова асвятліла тэму “Канцэртнае выканальніцтва ў аспекце музычнага асветніцтва”. На VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасная адукацыя: сусветныя тэндэнцыі і рэгіянальныя аспекты” выступілі Н.Я.Пятровіч з тэмай “Стварэнне арганізацыйнай і сацыякультурнай прасторы для самаразвіцця навучэнцаў ва ўстановах адукацыі віду гімназія-каледж мастацтваў” і С.М.Кунакіна з падрабязным выступам па пытанні “Фарміраванне валявых якасцей вучняў у працэсе навучання харэаграфічнаму мастацтву”.
Непасрэдна падчас прэзентацыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыклу Н.Д.Алісеева прадэманстравала панараму найбольш яркіх рэалізаваных event-мерапрыемстваў. Гэта дабрачынная акцыя “Музыка дабра”, фестываль японскай культуры “Японія – музычнае адлюстраванне ў Беларусі”, міжнародны фестываль выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы”, навагодні мюзікл “Снежная каралева”.
У завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі прэзентацыі пазнаёміліся з самым крэатыўным вынікам работы рэсурснага цэнтра за гэты невялікі трохмесячны перыяд – першым выпускам адукацыйнага праекту “PROмузыку”, які размешчаны на youtube-канале гімназіі-каледжа мастацтваў. Навучэнка 3-га курса Паліна Сініца, аператар і рэжысёр, распавяла пра ідэю стварэння і ўдзельнікаў праекта, цяжкасці пры здымцы і новыя планы, якія ўвасобяцца ў жыццё ў наступных выпусках.
Першы выпуск “PROмузыку” выйшаў напярэдадні Міжнароднага дня піяністаў і быў прысвечаны фартэпіяна. Аматары музыкі ў праграме знаёмяцца з разнавіднасцямі фартэпіяна, піяніна і раялем, яго папярэднікам – клавесінам, пазнаюць цікавыя факты і гістарычныя звесткі, а таксама акунаюцца ў свет класічных твораў у выкананні юных дараванняў гімназіі-каледжа. Выпускі адукацыйнага праекта могуць быць выкарыстаны ў якасці дадатковага інфармацыйнага рэсурсу на музычных занятках у старшых групах дашкольных устаноў адукацыі, на ўроках музыкі ў сярэдніх школах і ўроках музычнай літаратуры ў дзіцячых школах мастацтваў.
Такім чынам, у ходзе прэзентацыі ўдзельнікі крэатыў-студыі падзяліліся вопытам стварэння цікавых праектаў і мерапрыемстваў ад моманту іх задумы да паказу гатовага адукацыйнага або сацыяльна-культурнага прадукту. Дзякуючы дыстанцыйнай форме, педагогі з самых далёкіх куткоў Магілёўскай вобласці змаглі пазнаёміцца з работай рэсурснага інавацыйнага цэнтра гімназіі-каледжа мастацтваў. Спадзяемся, што падобныя сустрэчы стануць рэгулярнымі і прынясуць практычную карысць у сферы ўкаранення тэхналогій event-менеджменту ў сацыяльна-культурную дзейнасць устаноў адукацыі рэгіёну.
Наталля АЛІСЕЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
спецыяльнага цыклу Магілёўскай дзяржаўнай
гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава