Кожны раз, выпусціўшы дзяцей старшай групы, Жанна Мікалаеўна Акудовіч, выхавальнік Вялікабераставіцкага ясляў-сада, занава пачынае навучаць малых пазнаваць свет, фарміраваць у іх паўнавартаснае ўспрыняцце навакольнага асяроддзя.
І кожны раз яна імкнецца ўнесці ў працэс навучання нешта новае, удасканаліць сваю работу, здзейсніць задуманае раней. Для эфектыўнай рэалізацыі задач сэнсорнага і экалагічнага выхавання ў групе ёсць многа цацак і раздатачнага матэрыялу.
У бягучым навучальным годзе выхавальнік задумала і стварыла поліфункцыянальную дыдактычную гульню “Ураджайная”. Калегі адзначаюць, што гульня можа быць выкарыстана для заняткаў з дзецьмі рознага ўзросту. Па жаданні дарослага ў працэсе гульні можна вывучаць велічыню прадметаў, колер, форму, навучаць назвам, размяжоўваць садавіну і агародніну, знаходзіць падобнае. Гульня лёгка ўпісваецца ў любыя віды дзейнасці –развіццё мовы, пазнанне навакольнага асяроддзя, канструяванне. Адносна вялікая колькасць картак дазваляе фарміраваць першасныя матэматычныя ўяўленні.Падыходзіць матэрыял для арганізацыі індывідуальнай, парнай, калектыўнай і творчай работы.
Гульня складаецца з заламінаваных лістоў фармату А3 з адлюстраваннем град з агароднінай, дрэў з садавіной, набора малюнкаў розных памераў, якія ўяўляюць сабой розныя найменні садавіны і агародніны, лісты з выявамі карзінкі і падстаўкі.
Для педагогаў Жанна Мікалаеўна падрыхтавала метадычныя рэкамендацыі, у якіх прапанавала варыянты правядзення гульні з выхаванцамі рознага ўзросту.
Яркія каляровыя малюнкі адразу прывабліваюць увагу дзяцей, а гладкая паверхня картак дазволіць значна павялічыць тэрмін выкарыстання раздатачнага матэрыялу.
Вольга БЕЛЯНЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада