Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання

- 10:52ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Выхаванцы ясляў-сада № 10 Навагрудка, якія наведваюць гурток “Умелыя ручкі”, могуць пахваліцца ведамі пра нетрадыцыйныя тэхнікі малявання і здзівіць сваімі працамі.

Усе дзеці любяць маляваць, калі гэта ў іх добра атрымліваецца. Але вельмі часта адсутнасць ведаў і навыкаў адварочвае дзяцей ад малявання, паколькі ў выніку прыкладзеных намаганняў малюнак не адпавядае жаданням дзіцяці. У гэтым выпадку на дапамогу прыходзяць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання. Гэта займальная і чаруючая дзейнасць, якая здзіўляе і захапляе дзяцей.

Намі былі апрабаваныя многія нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, і ўсе яны прыйшліся даспадобы дзецям і мне, кіраўніку гуртка.

Так, замест звычайнага пэндзля на занятках мы выкарыстоўвалі ватныя палачкі, свае пальчыкі, далонькі, камякі мятай паперы, ніткі, зубныя шчоткі, мыльныя бурбалкі, кактэйльныя саломінкі і нават відэльцы.

Спачатку дзеці не верылі, што гэтымі прадметамі можна нешта намаляваць, але як толькі браліся за справу, атрымлівалі дзіўныя вынікі, і кожны занятак захапляў іх усё больш.

 

Сёння ў скарбонцы дзіцячых работ шмат цікавых твораў: “Матылёк”, выкананы ў тэхніцы манатыпія, “Залатая рыбка”, намаляваная ватнай палачкай у тэхніцы пуантылізм, “Жабянятка Ква” і “Паўлін”, намаляваныя адбіткамі далонек, “Ільвяня”, шэрстку якога мы малявалі відэльцам, “Вясёлыя плямкі” і “Рознакаляровы дождж”, выкананыя ў тэхніцы кляксаграфія, “Кветкі”, намаляваныя з дапамогай нітак, “Чароўны лес” у тэхніцы напырск, “Космас”, ў тэхніцы гратаж, “Восеньскі нацюрморт”, для малявання якога выкарыстоўваліся адбіткі раслін і садавіны.

Хлопчыкі і дзяўчынкі адчуваюць сябе сапраўднымі мастакамі, з задавальненнем вывучаюць новыя, нязвыклыя для іх спосабы малявання і з нецярпеннем чакаюць наступнага занятку і новых ідэй, бо наперадзе яшчэ шмат цікавых тэхнік, у якіхмы паспрабуем працаваць.

Вераніка БОГУШ,
кіраўнік гуртка “Умелыя ручкі”
ясляў-сада № 10 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий