Кожная сям’я – гэта асаблівы ўнікальны свет. Тут няма і не можа быць адзіных рэцэптаў, штампаў выхавання. Нішто так не збліжае дзяцей і іх бацькоў, як традыцыйныя сумесныя святы і конкурсы-выставы.
Новы год – самае доўгачаканае і любімае свята для дзяцей і дарослых. Рыхтуюцца да яго загадзя. Прадумваюць падарункі, упрыгожванні для ёлкі, навагоднія касцюмы. Выхаванцы Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы – актыўныя ўдзельнікі такой падрыхтоўкі. Яны прапаноўвалі варыянты ўпрыгожвання групы, рабілі замалёўкі, стваралі цацкі і гірлянды для навагодняй прыгажуні.
Для таго каб прыцягнуць да навагодняй падрыхтоўкі і бацькоў, мы аб’явілі конкурс навагодніх вырабаў “Майстэрня Дзеда Мароза”. Бацькі адгукнуліся і з задавальненнем паўдзельнічалі. Асабліва цікавымі і арыгінальнымі атрымаліся работы сем’яў Харонжых і Юдзіцкіх.
Супрацоўніцтва і духоўнае ўзаемапранікненне патрабуе ад бацькоў намаганняў, але ў выніку гэта спараджае ў сэрцах дзяцей любоў, гордасць, удзячнасць і патрэбу да зносін.
Людміла ЧАМЕРКА,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна