Дэдпул, Маланка Мак Куін, Little pony, Эльза і Фея Вінкс – каго толькі не сустрэнеш на навагоднім свяце ў дзіцячым садку. Цяпер выраб элементаў касцюма і атрыбутыкі абранага персанажа можна назваць модным словам “касплэй”. Дзед Мароз са Снягуркай цьмянеюць на фоне ўсіх гэтых “кіназорак”.
А як сустракалі Новы год мы, калі самі былі дзецьмі? У каго прыбіраліся, водзячы карагод каля ёлкі? З задавальненнем акунуліся ў мінулае і “раскапалі” цікавыя фотафакты супрацоўнікі ясляў-сада № 6 Смаргоні.
Паколькі працаваць і фантазіраваць над стварэннем касцюма матулям даводзілася самастойна, вынікі ўражваюць сваёй арыгінальнасцю.
Дзіцячыя касцюмы часта выбіраліся пад казачных персанажаў і герояў мультфільмаў – лісічкі, ката, вавёрачкі, Чырвонай Шапачкі і іншых. Пры гэтым па меры выхаду на экраны новых дзіцячых фільмаў і мультфільмаў, з’яўляліся і адпаведныя касцюмы. Напрыклад, Мальвіны. Акцэнт рабіўся на атрыбутах і аксесуарах, якія асацыіраваліся са створаным вобразам казачнага героя.
Непахісным трэндам, класікай навагодніх убранняў былі касцюмы хлопчыкаў-зайчыкаў і дзяўчынак-сняжынак. Падчас паўсюднага дэфіцыту пашыць такія касцюмы было прасцей за ўсё: зрабіць вушкі – для зайчыка, расшыць сукенку мішурой – для сняжынкі.
Няхай навагодніх касцюмаў было не так шмат, але наша памяць захоўвае патаемныя дзіцячыя ўспаміны пра навагоднія ёлкі. Ідуць гады, змяняюцца эпохі, але Новы год нязменна застаецца любімым святам, якое даруе адчуванне казкі іверы ў цуды. Прапануем і вам панастальгіраваць і ўспомніць, у каго вы прыбіраліся і што пры гэтым адчувалі.
Кацярына СЯРГЕЕВА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 6 Смаргоні