З кожным днём Новы год становіцца ўсё бліжэй. Гэта бачна і па святочнай ілюмінацыі, і па афармленні школы, па падарунках, рознакаляровай мішуры і ёлачных цацках, якія быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі з’явіліся тут. Міжвольна ўзнікаюць думкі пра сюрпрызы родным і пра баўленне вольнага часу ўсёй сям’ёй.
Вучні, настаўнікі, работнікі школы і нават бацькі ствараюць цуд сваімі рукамі. Паглядзіце, якая прыгажосць навокал!
Снежань – гэта самы чароўны месяц, таму што з яго прыходам пачынаецца час клопатаў і выканання жаданняў. Менавіта ў снежні па ўсёй Беларусі стартуе самы маштабны марафон дабра. Акцыя “Нашы дзеці” вось ужо чвэрць стагоддзя напярэдадні Новага года робіць шчаслівей хлапчукоў і дзяўчынак з усёй краіны. Традыцыйна ў гэты час добраахвотнікі наведваюць дзіцячыя дамы, інтэрнаты, апякунскія і прыёмныя сем’і, бальніцы. Дораць падарункі. Не засталіся ў баку і вучні нашай школы. Пачаўся дабрачынны збор навагодніх падарункаў. Вучні прыносяць спартыўны інвентар, канцтавары, прадметы для мастацкай творчасці, настольныя гульні, цацкі, кнігі.
Хочацца, каб мяшок Дзеда Мароза стаў вельмі вялікім, каб ні адно дзіця ў святочны дзень не засталося без падарунка. Акцыя “Нашы дзеці” працягнецца да 10 студзеня. На жаль, сустрэчы пройдуць з мінімальнай колькасцю гасцей, з абавязковым масачным рэжымам. Але мы будзем спадзявацца на лепшае! Хай Новы год прынясе ўсім радасць і здароўе!
Валянціна ЧУНКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 5 Смаргоні