У гімназіі Ганцавічаў прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Што такое інклюзія і чаму гэта так важна?” у рамках праектаў ЮНІСЭФ у Беларусі “Проста дзеці” і “Проста дзеці ў школе”, якія рэалізуюцца айчыннымі міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя пры фінансавай падтрымцы расійскага ўрада.
Падчас інфармацыйных гадзін вучні 5–7-х класаў азнаёміліся з паняццем “інваліднасць”, даведаліся пра прынцыпы інклюзіўнага асяроддзя і спосабы яго стварэння ва ўстанове адукацыі. Настаўнік І.В.Груша расказала сямікласнікам пра сацыяльную канцэпцыю інваліднасці, этыку зносін з дзецьмі з інваліднасцю і праблемы, з якімі тыя могуць сутыкацца падчас вучобы. Гімназісты даведаліся пра вядомых людзей з інваліднасцю, якія, нягледзячы на цяжкасці, дасягнулі поспеху ў жыцці.
Дзеці з інваліднасцю вымушаны пераадольваць шматлікія перашкоды на шляху інтэграцыі ў грамадства – ад адсутнасці элементаў безбар’ернага асяроддзя (пад’ёмнікаў у школах, пандусаў, узмацняльнікаў гуку і інш.) і неабходных спецыяльных інструментаў для навучання да негатыўных адносін з боку равеснікаў і дарослых.
На інфармацыйных гадзінах вучні даведаліся, як можа быць уладкаваны горад, зручны для ўсіх, і атрымалі дамашняе заданне: расказаць знаёмым пра тое, што дзеці з інваліднасцю такія ж, як усе, падзяліцца думкамі пра інклюзію ў сацыяльных сетках, зняць відэа пра тое, як пераўтварыць гімназію ці клас для дзяцей з рознымі патрэбамі, напісаць нататку ў гімназічную ці раённую газету пра гэтую праблему.
Інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя талерантнасці, інклюзіі і прыняццю адрозненняў паміж людзьмі, вельмі важныя. Грамадства павінна прымаць любога чалавека як роўнага і ствараць яму ўмовы для развіцця і камфортнага жыцця.
Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
гімназіі Ганцавічаў