Мабыць, не знайсці ў свеце такога чалавека, які б не любіў свята Новага года. А што казаць пра дзяцей, для якіх Новы год – гэта заўсёды чаканне нечага чароўнага, нязведанага. А каб гэта чаканне прайшло весялей і цікавей, у старшую групу Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы час ад часу прыходзілі лісты ад Дзеда Мароза.
Хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзілі іх у розныя дні ў самых розных месцах. Першы ліст дзеці знайшлі ў карзіне з канструктарам, куды зазірнулі пасля снедання. Дзед Мароз даслаў выхаванцам навагоднія загадкі. Калі ўсе адгадкі былі знойдзеныя, дзяцей чакаў сюрпрыз ад казачнага героя – размалёўкі, якія дзеці знайшлі ў кутку прыроды. Выхаванцы вельмі старанна размалёўвалі навагоднія ёлачкі і нават наладзілі конкурс на самую прыгожую ёлку.
Праз некалькі дзён быў знойдзены другі ліст. У ім Дзед Мароз прасіў дзетак намаляваць навагоднія ёлачныя шарыкі, таму што свае цацкі ён незнарок згубіў. Дзеці з азартам адгукнуліся на просьбу, і навагоднія шары атрымаліся вельмі прыгожымі і рознакаляровымі. У падзяку за дапамогу Дзед Мароз падарыў дзецям старшай групы чароўную кнігу з навагоднімі вершамі, апавяданнямі і казкамі. Ужо праз дзень уся кніга была прачытаная, а хлопчыкі і дзяўчынкі прасілі выхавальніка перачытаць яе яшчэ раз.
У трэцім лісце Дзед Мароз паведаміў дзецям пра дабрыню і пра тое, як прыемна здзяйсняць добрыя ўчынкі. Таму наступным заданнем стала дапамога малодшай групе ва ўпрыгожванні групавога памяшкання. Выхаванцы старшай групы ўсе разам зрабілі рознакаляровую папяровую гірлянду, якую і перадалі сваім малодшым сябрам.
Пасля было яшчэ некалькі лістоў, у кожным з якіх былі самыя разнастайныя заданні для дзетак. І кожны раз, калі хтосьці з дзяцей знаходзіў навагодні канверт, усе астатнія хуценька збіраліся і з захапленнем слухалі, што ж на гэты раз напісаў Дзед Мароз, якое заданне для іх падрыхтаваў.
Алена БІСЛЮК,
выхавальнік
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы