Школьная бібліятэка – асаблівае асяроддзе

- 9:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Школьная бібліятэка з’яўляецца істотнай і значнай часткай адукацыйнага асяроддзя навучальнай установы. Разам з тым яна ўтварае сваё, асаблівае, бібліятэчнае асяроддзе.

У Навагрудскім раёне ўжо стала добрай традыцыяй у снежні, напярэдадні Новага года, папаўняць фонды школьных бібліятэк літаратурай, выдадзенай ў зыходзячым годзе выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Выключэннем не стала і школьная бібліятэка Пятрэвіцкай сярэдняй школы – дзіцячага сада.

Шэсць кніг серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” адрасуюцца школьнікам сярэдніх і старшых класаў, і будуць выкарыстоўвацца навучэнцамі пры падрыхтоўцы дакладаў і паведамленняў па біялогіі. Таксама гэтая серыя цікавая ўсім аматарам прыроды. Напрыклад, кніга В.М.Лябедзькі “Зялёныя лекары. Дзікарослыя лекавыя расліны Беларусі” дасць магчымасць здзяйсняць займальныяпадарожжы ў свет лекавых раслін, якія знайшлі сваё шырокае прымяненне ў народнай і афіцыйнай медыцыне. Рабяты даведаюцца шмат новага пра паходжанне іх назваў, месцах, дзе яны растуць, незвычайных уласцівасцях, выкарыстанне, а таксама змогуць прымяніць атрыманыя веды ў побыце.

12 кніг серыі “Самыя-самыя” пацешаць школьнікаў малодшага школьнага ўзросту. Напрыклад, у кнізе “Транспарт будучыні: электрамабілі” дзеці прачытаюць, калі быў створаны першы электрамабіль і якія электрамабілі выпускаюцца ў Беларусі, а яшчэ пазнаёмяцца з самымі неверагоднымі і самымі новымі электракарамі з усяго свету.

Асаблівым попытам у пачатковых класаў карыстаецца серыя “Маленькі прафесар”. Для іх ёсць дзевяць навінак. Сельскім вучням будзе цікава прачытаць кнігу Л.В.Даманскіх “Гаспадар на кожным стале”. Колькі сіл аддае зямля, колькі працуюць людзі – хлебаробы, пекары, каб на сталах школьнай сталовай з’явіўся хлеб? Якім быў першы хлеб, як навучыліся яго пячы, як людзі ўдасканалілі спосабы апрацоўкі зямлі пад засеў і вынаходзілі неабходную тэхніку – гэтыя і іншыя сакрэты раскрыюць для сябе школьнікі.

Для старшакласнікаў і ўсіх, хто любіць родную гісторыю – сем новых выданняў серыі “Гісторыя для школьнікаў”. Некаторыя вучні ўжо паспелі прачытаць кнігу І.А.Масляніцынай, Н.К.Багадзяж “Міхал Клеафас Агінскі”, і вырашылі на зімовых канікулах наведаць Музей-сядзібу М.К.Агінскага ў аграгарадку Залессе.

Не забыліся і пра юных выхаванцаў дзіцячага сада (серыя “Беларускія пісьменнікі – дзецям”). На старонках маляўнічага выдання Віктара Кажуры “Пакацілася сонейка…” змешчаны вершы, прымаўкі і загадкі пра месяцы года, а таксама прапануюцца займальныя заданні.

Падчас канікул у школе будзе працаваць аздараўленчы лагер “Зімовы калейдаскоп”, і зазірнуўшы ў чытальную залу, дзеці змогуць даведацца, як сустракаюць Новы год у розных краінах свету, якія дзіўныя звычаі і традыцыі сустрэчы свята ёсць у розных народаў, як называюць Дзеда Мароза і якія незвычайныя стравы рыхтуюць на свята ў розных краінах. Пра ўсё гэта – у кнізе “Новы год на ўсёй планеце” (складальнік – О.В.Ваніна). Ну а самыя актыўныя чытачы, як заўсёды, дапамогуць бібліятэкару праставіць бібліятэчны штамп пры паступленні новых выданняў, аформіць тэматычную паліцу “У Новы год – з новымі кнігамі!”, распаўсюдзіць інфармацыю сярод навучэнцаў пра новае паступленне літаратуры.

Школьная бібліятэка мае важную і значную ролю ў выхаваўчым працэсе, у заахвочванні імкнення дзяцей да авалодання ведамі. Найбольш значнай задачай школьнай бібліятэкі з’яўляецца прывіццё навыкаў чытання, любові да чытання і да кнігі.

Наталля ЮШКЕВІЧ,
бібліятэкар
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий