Апошні дзень чвэрці… Дзеці зусім не прагнуць вучыцца, бо адзнакі ўжо выстаўленыя, а наперадзе іх чакаюць зімовыя канікулы. Але ж усё можна змяніць: ператварыць звычайны занятак у навагоднюю казку, напоўненую творчасцю, вясёлымі і займальнымі заданнямі і каляднымі песнямі.
Мае чацвертакласнікі, навучэнцы сярэдняй школы № 7 Смаргоні, з нецярпеннем чакаюць такія ўрокі, бо ўпэўненыя, што сумаваць не давядзецца. Не падвяла я сваіх маленькіх “чамучак” і на гэты раз.
Каб дабрацца да скарбаў, маім вучням трэба было прайсці некалькі выпрабаванняў. На шляху першы квест – “вершаваны”.
Скажыце, ці хутка вы можаце назваць, колькі дзён у кожным месяцы? Мне заўсёды было цяжка трымаць у памяці, што верасень, лістапад, красавік і чэрвень налічвюць толькі 30 дзён. Але дзякуючы аднаму вершу, які сама пачула яшчэ ў школе, я цяпер без роздумаў магу назваць гэтыя чатыры месяцы. Сваёй знаходкай я вырашыла падзяліцца з вучнямі: усяго некалькі хвілін спатрэбілася маім разумнікам і разумніцам, кааб запомніць няхітрыя радкі:
Thirty days hath September,
April, June, and November,
All the rest have thirty-one,
But February’s twenty-eight,
The leap year, which comes once in four,
Gives February one day more.
Што ж чакае нас далей? Праверым уважлівасць нашых школьнікаў. Прыйшоў час для задання “Калядны шпіён”. Зімовыя святы заўсёды асацыяваліся ў брытанскіх дзетак з духмянымі імбірнымі пернікамі і чырвона-белымі ледзянцамі, навагоднімі цацкамі і пухнатай зялёнай ёлкай са шкарпэткамі, поўнымі падарункаў. Ну і куды ж без лагоднага Санты і яго памочнікаў аленяў? Пасля таго як дзеці запомнілі назвы ўсіх гэтых знакаў на англійскай мове, у іх распараджэнні была ўсяго толькі адна хвіліна, кааб паспець правільна палічыць і запісаць гэтую навагоднюю атрыбутыку на малюнках.
На станцыі “Find the differences” чацвертакласнікам было прапанавана адшукаць адрозненні ў малюнках з пацешнымі снегавікамі.
Усё гэта праходзіла пад гукі ўсімі вядомай і любімай англійскай песні “Jingle Bells”. У многіх дзетак прыпеў быў на слыху, і яны з радасцю і энтузіязмам паўтаралі вядомыя радкі.
А вось і наступнае практыкаванне. Усе мы ў дзяцінстве пісалі ліст да Дзядулі Мароза ў надзеі атрымаць той самы жаданы падарунак. Цяпер жа вучням прапаноўвалася выказаць свае пажаданні брытанскаму Санта Клаўсу і адправіць свае пасланні ў далёкі туманны Альбіён.
А як жа творчасць? Для задання “Усе мы ў душы крыху Далі” кожнай пары прапаноўвалася, зачыніўшы вочы, выбраць пяць каляровых алоўкаў ці фламастэраў і адну размалёўку. А далей у іх распараджэнні было толькі пяць хвілін, каб стварыць свой зімовы шэдэўр пры дапамозе тых адценняў, на якія упаў іх выпадковы выбар.
Усе заданні пройдзеныя. І гэта значыць, што нарэшце мы падабраліся да нашых скарбаў. І хай гэтыя маленькія драўляныя ўпрыгожванні не каштуюць шалёных грошай, для маіх вучняў яны сталі сапраўднымі каштоўнасцямі. Кожны з іх ўпрыгожыць дома цацку на свой густ, павесіць яе на калядную ёлку, загадае жаданне, якое, я ўпэўнена, абавязкова збудзецца.
Таццяна СЛАБКО,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 7 Смаргоні