Мерапрыемства па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму “Падарожжа ў краіну Святлафорыю” прайшло ў яслях-садзе № 12 Навагрудка з мэтай навучыць хлопчыкаў і дзяўчынак, як правільна сябе паводзіць на вуліцы.
Ва ўстанове ўпэўнены, што дзеці з ранняга ўзросту павінны ведаць, якая небяспека падцікоўвае іх на дарогах, і толькі шматразовы паўтор правілаў, а таксама штодзённы станоўчы прыклад дарослых дазваляюць выхаванцам адчуваць сябе ўпэўненымі пешаходамі, пазбегнуць аварыйных сітуацый і захаваць жыццё.
На свята да дзяцей завітаў Нязнайка, які дапамог педагогам зрабіць свята вясёлым і незабыўным. Дзеці з вялікім задавальннем вучылі Нязнайку правілам дарожнага руху, правілам паводзін у грамадскім транспарце і на вуліцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі госцю вершы пра дарожныя знакі, гулялі з ім у вясёлыя рухомыя гульні. А з якой вялікай радасцю выхаванцы прынялі ўдзел разам з Нязнайкам ў спартыўных эстафетах! Дашкаляты складалі з абручоў святлафор, хадзілі праз імітаваны падземны пераход. Дзеці паказалі свой спрыт, кемлівасць, увагу, смеласць.
З захапленнем яны спаборнічалі разам з Нязнайкам у хуткай і правільнай яздзе на самакаце. Кожны стараўся праехаць правільна і прыехаць першым. Сюрпрызам для дзяцей былі пачастункі ад Нязнайкі.
Свята выдалася радасным, вясёлым. Доказ – звонкі дзіцячы смех, шчаслівыя ўсмешкі на іх тварах і радасны настрой на ўвесь дзень.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка