Навучэнцы 8-х класаў гімназіі № 3 Гродна ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” сустрэліся з заслужаным майстрам спорту, паралімпійскім чэмпіёнам Віктарам Хільмончыкам.
Тэма сустрэчы “Я родным краем ганаруся і ведаю – я не адзін” дазволіла васьмікласнікам яшчэ раз пераканацца, як шмат выдатных людзей, дасягненняў і адкрыццяў месціць у сабе наша малая радзіма. Раптам для сябе мы адкрываем дзіўную нагоду для гонару і здзіўлення: нашы землякі, звычайныя людзі, на самой справе – сапраўдныя героі з незвычайным лёсам.
Моладзь з вялікай цікавасцю пазнаёмілася з біяграфіяй ганаровага госця. Віктар Хільмончык нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Каменка. У дзяцінстве будучы лёгкаатлет захварэў, і нават пасля некалькіх аперацый адна нага засталася хворай. Але моцнаму духам хлопчыку вельмі падабалася фізкультура і нават гульня ў футбол. Пераадольваючы фізічныя абмежаванні, ён запісаўся ў школьную секцыю і кідаў дыск. Вядома, спачатку атрымлівалася не вельмі, але настаўнік падбадзёрваў і даваў надзею, што з яго атрымаецца добры спартсмен. Аднак у вялікі спорт Віктар Аляксандравіч прыйшоў параўнальна позна: у 38 гадоў. Яго першы поспех адбыўся на чэмпіянаце свету ў Асэне ў Галандыі – у кіданні кап’я спартсмен заваяваў сярэбраны медаль. У 1992 годзе ён удзельнік Паралімпійскіх гульняў у Барселоне. Выступаў у штурханні ядра і заваяваў бронзавы медаль. Далей спіс ўзнагарод становіцца ўсё даўжэй і значней.
У 1998 годзе ў англійскім Бірмінгеме на чэмпіянаце свету ў двух відах Віктар Аляксандравіч займае другое месца. У Паралімпійскіх гульнях 2000 года ў Сіднеі спартсмену ўручаюць медалі за другое і трэцяе месцы. Наступныя Паралімпійскія гульні 2004 года ў Афінах прыносяць яму другое і трэцяе месцы ў штурханні ядра сярод спартсменаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата. На чэмпіянаце свету ён займае трэцяе, а на чэмпіянаце Еўропы 2005 года – першае месца.
Навучэнцы засыпалі пытаннямі героя сустрэчы. Ім было цікава ўсё: і колькі гадзін у дзень трэніруюцца выдатныя спартсмены, і ці смачна кормяць на алімпійскай кухні, якія пачуцці агортваюць, калі стаіш на п’едэстале пераможцы. Асаблівае захапленне выклікалі медалі, якія чэмпіён прынёс з сабой і даў патрымаць у руках. Школьнікі дзівіліся, да чаго ж яны цяжкія. Варта таксама адзначыць, што Віктар Аляксандравіч добры, шчыры і сціплы чалавек.
Сустрэча праляцела незаўважна. Натхнёныя тэмай, дзеці спыталіся ў сябе і аддно ў аднаго: а што асабіста я магу ў будучыні зрабіць для сваёй малой радзімы? Хтосьці таксама паабяцаў стаць спартсменам, хтосьці марыць напісаць папулярную песню, займацца дабрачыннасцю ці вырасці проста добрым чалавекам і грамадзянінам сваёй краіны.
Таццяна ЛАШУК,
настаўнік гісторыі, магістр гістарычных навук
гімназіі № 3 Гродна