Асаблівае месца ў сістэме выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту займае знаёмства з народнымі святамі і абрадамі. Урачыстасць, атрыбутыка, святочнае нацыянальнае адзенне, фальклорныя песні – усё гэта садзейнічае выхаванню патрыятычных пачуццяў, у дзяцей узнікае жаданне разумець беларускую мову і размаўляць на ёй, вывучаць родную культуру, традыцыі.
Першае народнае свята ў новым годзе – Каляды, адно з самых любімых свят у старажытных славян. На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй.
Адна з самых яркіх традыцый Каляд, што дайшла да сучаснасці – калядаванне. Лічылася, што толькі весялосць, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых у гэты дзень, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі татэмных жывёл (мядзведзя, казу, каня, бусла) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах.
Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды.
Вось і ў наш сад на Каляды завіталі вясёлыя калядоўшчыкі: Зорканоша, гарэзлівая Каза, Цыганка-варажбітка. Песні, гульні, карагоды, і даўгачаканы снег стварылі цудоўны настрой і дзецям, і дарослым!
Не абышлося на свяце і без нячыстай сілы: шкодны Чорт хацеў сапсаваць свята, падмануў дзяцей і ўкраў калядныя пачастункі. Затое колькі захаплення і запалу ўхлопчыкаў і дзяўчынак выклікалі пошукі і даганялкі злачынцы-нячысціка! Пад абстрэлам снежак Чорт аддаў гасцінцы і сам застаўся на свяце, каб пагуляць з выхаванцамі.
А ў групах вясёлых і расчырванелых пасля забавы на свежым паветры дзяцей чакалі духмяныя калядныя аладкі!
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г.п.Мір
Карэліцкага раёна