Карысна і цікава змаглі адпачыць у час канікул хлопчыкі і дзяўчынкі Жухавіцкай сярэдняй школы, якія наведвалі аздараўленчы лагер “Сонечныя праменьчыкі”. Тут іх чакалі шматлікія пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы: віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, гульні, завочныя падарожжы.
Вялікая ўвага ўдзялялася захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей. Паказаць свой спрыт і праявіць спартыўны дух дзеці змаглі ў час правядзення гульні “Мядзведзі на льдзіне”, пазнавальна-гульнявой праграмы “Будзьце здаровы”, спартыўнай гульні “Следапыт”. Свае артыстычныя здольнасці вучні прадэманстравалі падчас правядзення конкурсна-забаўляльнай праграмы “Каля навагодняй ёлкі”, дзе яны чыталі вершы, спявалі песні, паказвалі інсцэніроўкі да казак.
Выхаванне ў вучняў павагі да роднага краю, да традыцый продкаў – адна з важнейшых задач педагагічнага калектыву нашай школы. Фарміраванню гэтай якасці садзейнічалі завочныя экскурсіі ў Мірскі замак, Белавежскую пушчу, Нацыянальную бібліятэку. Многа радасці прынесла дзецям падрыхтоўка да Каляд. З вялікім задавальненнем яны прынялі ўдзел у тэатралізаваным прадстаўленні “Падарунак Збавіцелю”. У час правядзення майстар-класа вучні з любоўю выраблялі з паперы анёлаў, каб у час святочнага богаслужэння павіншаваць са святам вернікаў прыходу святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Вялікія Жухавічы.
Марына ЛІННІК,
начальнік лагера “Сонечныя праменьчыкі”
Жухавіцкай сярэдняй школы
Карэліцкага раёна