“Твори добро на всей земле, твори добро другим во благо…”. Словы гэтай песні вядомыя многім. Чалавек павінен жыць у атмасферы дабра. У значнай ступені мы самі фарміруем яе. Гэтае спрыяльнае для чалавечай душы асяроддзе ствараецца з нашых добрых спраў, цёплых пачуццяў, уздзеянняў на навакольнае асяроддзе.
“Насі сонца ў сабе” – так называецца цімураўскі атрад Рэплеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Існуе ён на працягу трох гадоў. Вучні ўстановы разам з педагогам Аленай Прохар з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі розных акцый. “Дапамажы ветэрану”, “Помнік, “Паштоўка ветэрану”, “Дай руку дапамогі малодшаму”, “Чысты лес”, “Музейны экспанат” – гэта толькі частка мерапрыемстваў у спісе добрых спраў нашых цімураўцаў.
З вялікай радасцю дзеці ўдзельнічалі ў аперацыях “Паштоўка ветэрану”, падчас якой рыхтавалі віншаванні з Днём пажылога чалавека, і “Прыміце нашы віншаванні да Дня абаронцаў Айчыны”. Віншаванне ветэранаў педагагічнай працы ў Дзень настаўніка, канцэртная праграма да Дня маці, віншавальныя лісты і паштоўкі да 9 Мая, 3 ліпеня і іншых дат – усё гэта ўпісана ў справы рэплеўскіх цімураўцаў. Вельмі кранальным для іх быў удзел у акцыі “Навагодні цуд”, калі школьнікі наведвалі ветэранаў педагагічнай працы і дзяцей-інвалідаў, каб павіншаваць з доўгачаканымі навагоднімі святамі.
Развіццё дзіцячай ініцыятывы спрыяе фарміраванню ў членаў атрада такіх якасцей, як спагадлівасць, клапатлівасць, велікадушнасць, пачуццё гонару за ветэранаў. Наперадзе ў цімураўскага атрада яшчэ шмат добрых спраў, якія прынясуць радасць і школьнікам, і тым, для каго яны гэтыя справы робяць.
Таццяна РАДЗЕЙКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна