Цікава і весела прайшло ў яслях-садзе № 34 Ліды фальклорнае свята “Святло Каляднай зоркі”, падчас якога дзеці знаёміліся са старадаўнімі народнымі традыцыямі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, адкуль прыйшло гэтае свята, як адзначалі яго іх бабулі і дзядулі. Калядоўшчыкі з песнямі павіншавалі ўсіх з Новым годам, Калядамі, пажадалі дабрабыту і моцнага здароўя. Гульні, песні, карагоды, разгадванне загадак стварылі атмасферу святочнай весялосці і надалі непаўторны беларускі каларыт.
Любімымі персанажамі сталі казачныя героі: Варона, Мядзведзь, хітрая Баба-Яга. Не абышлося на гэты раз і без свавольстваў. Баба-Яга правяла з дзецьмі гульні і конкурсы і нават прапанавала “палятаць” на мятле. Малыя аказаліся спрытнымі і адважнымі. Усе акунуліся ў атмасферу казкі і чараўніцтва і атрымалі салодкія пачастункі.
Цудоўнае свята прынесла шмат радасці і добрага настрою. У памяці дзяцей Каляды застануцца яркай, маляўнічай старонкай у справе па духоўным адраджэнні абрадаў і традыцый продкаў, беларускай нацыянальнай культуры.
Таццяна АСТРОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 34 Ліды