Калядкі святкуем – мову шануем!

- 10:19БРЕСТЧИНА, Регионы

 

У яслях-садзе № 7 Ганцавіч вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці, гонару за свой народ і краіну. Патрыятычнае выхаванне прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці.

 

Кожны чацвер у садзе праходзіць беларускамоўны дзень, калі выхаванцы чуюць меладычную прыгожую беларускую мову, размаўляюць на ёй. А фальклорныя святы, якія выпадаюць на такія дні, далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый.

Чацвер, 14 студзеня, не стаў выключэннем. Ён прайшоў пад назвай “Калядкі святкуем – мову шануем!”.

 

Самыя маленькія выхаванцы ўбачылі казку “Дзедава рукавічка”. Для дзяцей 2-й малодшай группы № 2 прайшоў паказ у запісе лялечных спектакляў “Прыгоды Снегавіка”, “Зімовы лес”. У гэты дзень хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту знаёмілі з гісторыяй свята Каляд, яго традыцыямі, развучвалі вершы.

У час дзённай прагулкі на свежым паветры з дзецьмі 2-й малодшай групы № 1, сярэдняй групы № 1 былі праведзены калядныя гульні “Гаспадар”, ”Го-го-го, каза”, “Дзядуля-ражок”, “Запляціся, пляцень”, “Дзе хадзіла каза?”

 

Яркім вынікам дня для дзяцей старшай групы № 2 стала забава “Прыйшлi Калядкi – зiмовыя святкi!”. Дзеці, пераапранутыя ў нацыянальныя касцюмы, прыйшлі калядаваць. З сабой калядоўшчыкі прывялі Казу і Мядзведзя. Яны павіншавалі ўсіх са святам, сталі разам у карагод, спявалі, ігралі на музычных інструментах і, вядома, гулялі ў калядныя гульні “Саначкі”, “Мядок”, “Конікі”, “Мядзведзь і дзеці”. А напрыканцы свята ўсе маленькія артысты атрымалі салодкія падарункі.

Правядзенне мерапрыемстваў беларускамоўнага дня ў нашым дзіцячым садзе па матывах народных свят мела не толькі культурнае і эстэтычнае, але і выхаваўчае значэнне. А ўспаміны пра гэты дзень застануцца ў іх памяці надоўга.

Марына КАНАНОВІЧ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 7 Ганцавіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий