- Дашкольная адукацыя. Праца з бацькамі

Круглы стол для бацькоў “Як навучыцца размаўляць на роднай мове”

 

Алена Бінкевіч,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 72 Гродна

 

 

 

 

Мэта: выхоўваць ў бацькоў жаданне размаўляць на беларускай мове, выкарыстоўваць мову ў сучасных інтэрфейсах, падтрымліваць добразычлівыя адносіны паміж сабой.

Папярэдняя работа: правядзенне анкетавання для бацькоў “Якое месца займае беларуская мова ў вашым жыцці”, кніжная выстава, гутаркі, кансультацыі, назіранне.

Матэрыял: прэзентацыя “Беларукая мова побач з намі”, магнітная дошка, пялёсткі кветак, папера, ручкі, карткі-малюнкі, ваза, кветкі ружовыя і блакітныя.

 

Ход круглага стала

Выхавальнік: Добры дзень, паважаныя бацькі! Сёння ў нас з вамі незвычайнае спатканне. Я прапаную вам перанесціся ў дзяцінства і адчуць сябе маленькімі дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Давайце прывітаемся па чарзе.

(Бацькі бяруць пялёстак, называюць сваё імя і прымацоўваюць яго на магнітную дошку)

Выхавальнік: Паглядзіце, якая прыгожая кветка ў нас атрымалася, не хапае толькі сярэдзіны. Я таксама назаву свае імя і прымацую сярэдзіну.

(Атрымліваецца васілёк)

Выхавальнік: Тэма сустрэчы сёння прысвечана роднай мове. У нашай краіне існуе дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Але часцей за ўсё мы з вамі карыстаемся рускай мовай. Гэта паказвае і анкетаванне, якое мы праводзілі. Чаму так атрымліваецца? Як часта вы размаўляеце дома з блізкімі па-беларуску? А на працы? ( адказы бацькоў)

Я хачу прапанаваць вам праверыць, наколькі вы добра валодаеце беларускай мовай.

 

Гульня “ Назаві па-беларуску”

(Бацькі бяруць карткі, якія ляжаць на стале
і называюць па-беларуску малюнкі: агурок, цыбуля, морква,
кавун,
бульба, люстэрка, трус, грошы, сурвэтка, куфар і інш.)

Выхавальнік: Штодзённыя словы, а ў некаторых яны вызвалі сумненні. Нажаль, гэта азначае, што ваш слоўнік не такі багаты на беларускія словы.

Слоўнік трэба папаўняць. Пачніце з простых рэчаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты. На камп’ютары мажліва ўсталяваць праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, там дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае з банкаматамі, тэлефонамі, інфакіёскамі. Уявіце, што вам неабходна напісаць паведамленне ў інтэрнэце, але зрабіць гэта можна толькі на беларускай мове.

 

Гульня “Эсэмэскі”

(Бацькі пішуць на паперы паведамленні,
а потым зачытваюць тое, што атрымалася)

Выхавальнік: Беларуская мова не толькі старажытная, але вельмі меладычная, прыгожая. На беларускай мове напісана шмат вершаў, песень, выдадзена кніг. Наша мова вядомая ва ўсім свеце. Нашы продкі прысвяцілі роднай мове шмат прыказак і прымавак.

 

Гульня “Працягні прыказку”

Які розум, …(такая і гаворка)
Сабака брэша –…(вецер вее)
Са свайго языка спусціш –…(на чужым не зловіш)
Язык да Кіева …(давядзе)
Язык у разумнага ў галаве, у дурня …(на зубах)

Выхавальнік: Зразумела, што вось так адразу цяжка пачаць размаўляць па-беларуску. Цяжка з сябрамі, з бацькамі, з дзецьмі, калі вы ўсё жыццё размаўлялі па-руску. Чуць жывую мову вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёю самому. Пачынацьтрэба з самага простага, напрыклад, з кампліментаў.

 

Гульня “Скажы камплімент”

(Бацькі ў крузе па чарзе гавораць кампліменты адно аднаму)

Напрыклад:
– Вольга, у цябе прыгожыя вочы.
– Дзмітрый, вы такі ветлівы!

Выхавальнік: Я таксама хачу вам зрабіць камплімент. Вы сёння былі старанныміх лопчыкамі і дзяўчынкамі. Хто на ваш погляд быў сёння самым актыўным? (адзначаюць бацькоў, узнагароджваюць руска-беларускімі слоўнікамі).

Нам прыемна ваша меркаванне пра сустрэчу. Калі нашы парады былі для вас карыснымі, пастаўце, калі ласка, у вазу ружовую кветку, калі сустрэча вас не захапіла – блакітную.

(Бацькі выказваюць свае меркаванні,
удзельнікам выдаюцца памяткі-парады).

 

 

Літаратура

Гуз,А.А. Взаимодействие дошкольного учреждения и семьи / А.А.Гуз. –Мозырь :Белый ветер, 2008. – 191с.

Носова, Е.А. Семья и детский сад / Е.А.Носова.– Минск: Нац.ин-т образования, 2008. – 68с.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий