Дыплом I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у конкурсе “Юныя таленты Беларусі” атрымалі школьніцы са Смаргоні.
27 снежня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбыўся XVII рэспубліканскі конкурс вакальнай творчасці ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”.
Чарговы раз цэнтр “Зубраня” сабраў з усіх абласцей Беларусіталенавітых дзяцей, якія займаюцца вакальнай творчасцю, каб падтрымаць і працягнуць развіваць іх талент. 108 юных талентаў з усіх куткоў краіны прадэманстравалі сваё майстэрства ў чатырох намінацыях: “Сольныя эстрадныя спевы”, “Эстрадныя вакальныя калектывы”, “Сольныя народныя спевы”, “Народныя вакальныя калектывы”.
Салісткі ўзорнай вакальнай групы эстраднай песні “Радасць” Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мілена Антановіч і Надзея Бандарэнка (педагог – В. Ф. Бурынская) былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за высокі выканальніцкі ўзровень у намінацыі “Эстрадныя вакальныя калектывы”.
Акрамя гэтага Мілене Антановіч уручылі дыплом у спецыяльнай намінацыі “За сцэнічную чароўнасць”, а Надзеі Бандарэнка – у намінацыі “За волю да перамогі”.
Віншуем юных вакалістак!
Святлана БАЛЫШ,
намеснік дырэктара
Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі