Акцыю “Сэлфі ў музеі” вучні 8 “А” класа сярэдняй школы № 7 Навагрудка вырашылі адзначыць у школьным музеі “Будзем беларусамі”. Гэтай акцыяй школьнікі паказалі, што ў музей ходзяць не толькі за сэлфі, але і за новымі ведамі.
Падлеткі заўсёды наведваюць школьны музей з вялікай ахвотай, тут можна праводзіць цікавыя класныя гадзіны, урокі па творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, іншыя пазакласныя мерапрыемствы, што спрыяюць выхававанню грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму ў маладога пакалення, дапамагаюць лепш зразумець характар беларуса, дазнацца, як жылі нашы продкі стагоддзе таму назад.
Вельмі важна, што наш музей адрозніваецца ад іншых тым, што ў ім вучням дазваляецца патрымаць старажытныя прадметы побыту ў руках, адчуць на дотык энергетыку таго майстра, што ўклаў усю сваю любоў і стараннасць пры вырабе пэўнай прылады працы ці прадмета побыту. Школьнікі бываюць у музеі не толькі наведвальнікамі, але яшчэ і рэстаўратарамі, што не даюць знікнуць старажытнаму ручніку ці посцілцы, а вяртаюць іх да жыцця. Вучні быццам дакранаюцца да сівой мінуўшчыны ў прамым сэнсе. А яшчэ нашы васьмікласнікі разбурылі стэрэатып, што сэлфі любяць рабіць толькі дзяўчаты. Аказваецца, што нашы хлопцы ні ў чым не саступаюць і любяць фатаграфавацца.
Валянціна МАНЮК,
класны кіраўнік 8 “А” класа
сярэдняй школы № 7 Навагрудка