Вучні 1–4 класаў сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна наведалі музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Дзецям была прапанаваная займальная экскурсія, якая пазнаёміла школьнікаў з гісторыяй раённага музея і краязнаўчымі экспазіцыямі.
На тэрыторыі музея дзяцей сустрэла гаспадыня – прыгажуня вавёрка па мянушцы Рубін. У яе ёсць уласны домік, і яна вельмі рада была паласавацца грэцкімі арэхамі, якія школьнікі прынеслі з сабой. Чаму менавіта вавёрка сустракае наведвальнікаў? Дык гэта нездарма! Бо менавіта вавёрка намалявана на гербе Вялікай Бераставіцы.
Сваё падарожжа хлопчыкі і дзяўчынкі пачалі з наведвання залы, якая прысвечаны вавёркам свету. Тут жа размешчаны клетка-вальер з жывым звярком і інтэрактыўная карта “Тут жывуць вавёркі” з кнопкавым кіраваннем. Жадаючыя маглі націснуць кнопку з назвай таго ці іншага віду вавёркі – святлодыёды падсвятлялі радзіму звярка і тэрыторыю яго пражывання. Тут жа кожны мог дакрануцца рукамі да ўзораў футра розных відаў вавёрак і загадаць жаданне.
У другім зале мы ўбачылі дыяраму лесу, якая адпавядае натуральным умовам пражывання вавёркі. Падышоўшы да сапраўднага дрэва, кожны зазірнуў у дупло, дзе “спіць” маленькая вавёрачка. У трэцім зале дзецям былі прадстаўлены прадметы мастацтва, дэкаратыўныя фігуркі, цацкі, кнігі, калекцыі марак і паштовак з выявай вавёрак.
Пасля займальнага падарожжа па свеце прыроды дзяцей чакаў не менш цікавы майстар-клас ад мастака па вырабе сувеніраў на спіле дрэва з выявай вавёрачкі.
Вучні былі ў захапленні ад экскурсіі, з задавальненнем слухалі, з цікаўнасцю разглядалі экспанаты і задавалі пытанні, асабліва рады былі сувенірам, якія зрабілі сваімі рукамі і атрымалі на памяць. Школьнікам паездка вельмі спадабалася, і яны выказалі жаданне паўторна наведаць музей вавёркі з сябрамі і бацькамі. Экскурсія паказала, што за цікавым і займальным далёка ездзіць не трэба. Яно зусім побач, напрыклад, у музеі Вавёркі!
Святлана КЛЯЎЦОВА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы аг. Пагранічны
Бераставіцкага раёна
Фота аўтара