“Здаровы лад жыцця – бясспрэчна, наш лад жыцця!” – асноўны дэвіз кожнага, хто вучыцца або працуе ў Вердаміцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна.
З надыходам зімы адчуванне таго, што наша здароўе – у нашых руках, адужала. Толькі закончыліся ўрокі, і ўсе выхаванцы групы падоўжанага дня разам з выхавальнікам Ірынай Шаўчэнка – на вуліцы. На тэрмометры –11°, але ніхто не спалохаўся. Ціхі заснежаны аграгарадок разам з векавым паркам напоўніліся вясёлымі дзіцячымі галасамі. Звонкае і марознае паветра, яркае зімовае сонца і бясконцы іскрысты снег забяспечваюць добры настрой.
Хлопцы падзяліліся на каманды і заўзята гуляюць у хакей. Толькі чуваць: “Шайбу! Перадача! Сюды давай! Гол!” Дзяўчаты успамінаюць тэхніку катання на каньках на школьным катку. Дапамагаюць адна адной, падтрымліваюць. Нават падзенні не адбіраюць жадання катацца далей: паднялася, абабіла снег, паехала!
На невялікай горцы таксама шумна. Там Ірына Шаўчэнка са сваімі выхаванцамі арганізавала вясёлы з’езд на цюбінгу і звычайных цэлафанавых мяшках, напханых сенам. Да слова, ніякі сучасны цюбінг ці лядзянка не зраўнуюцца з гэтым спосабам “злёту” са снежнай горкі. Не верыце? Паспрабуйце!
Вядома, фотаздымкі на фоне зімовага пейзажу на памяць пра цудоўныя марозныя дзянькі – абавязковы атрыбут сённяшняга часу!
Мароз размаляваў шчокі дзяцей здаровым румянцам. Зімняе сонца напоўніла іх вочы іскрынкамі радасці. Вясёлыя зімовыя забавы дапамаглі яшчэ больш замацаваць здароўе і атрымаць бясконцы зарад пазітыўнай энергіі.
Наталля ГУРЫНА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна