Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне”. 8 клас

- 10:57II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

Таццяна ГАГАРЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Лапацінская сярэдняя школа”
Гомельскага раёна,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Кожны настаўнік на сваіх уроках павінен не толькі даць веды вучням па сваім прадмеце, але і значна пашырыць яго межы, уключыўшы матэрыял па ЗЛЖ, пры гэтым не нашкодзіць здароўю дзяцей. Ніякія веды і дасягненні не прынясуць радасці і задавальнення ні вучню, ні настаўніку, калі на шляху да поспеху будзе пагаршацца здароўе. Таму абавязкова павінны выконвацца наступныя патрабаванні:

   — гігіенічныя ўмовы (праветранае памяшканне, мэбля адпаведнага памеру, дастатковае асвятленне, захаванне дыстанцыі паміж удзельнікамі ўрока);
   — працягласць і абавязковае чаргаванне розных відаў дзейнасці на ўроку;
   — чаргаванне розных відаў актыўнай дзейнасці (фізкультхвілінкі розных відаў: зрокавая, артыкуляцыйная, дыхальная, фізічныя практыкаванні; прадметныя практыкаванні з выкарыстаннем фізічнай нагрузкі: эстафета, гульня ў мяч і інш.);
   — матывацыя вучэбнай дзейнасці (кожны вучань павінен разумець уласную карысць пры вывучэнні таго ці іншага прадмета.);
   — станоўчы псіхалагічны мікраклімат на ўроку;
   — тэмп урока.

Выкананне настаўнікамі гэтых патрабаванняў дазволіць не толькі захаваць здароўе вучняў, але і павысіць узровень унутранай матывацыі вучняў да вывучэння прадмета. 

 

Тэма ўрока: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне”

Клас: 8

 

Мэты: паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў пра сказы з аднароднымі членамі; удасканаліць уменні знаходзіць канструкцыі з аднароднымі членамі ў выказванні, будаваць свае сказы з аднароднымі членамі, ставіць знакі прыпынку ў іх; садзейнічаць развіццю арфаграфічнай пільнасці вучняў, развіццю іх вуснага і пісьмовага маўлення; пашырыць слоўнікавы запас васьмікласнікаў; выхоўваць адказныя адносіны да ўласнага здароўя; садзейнічаць фарміраванню сталага погляду на праблему захавання здароўя вучняў увогуле.

Тып урока: падагульненне і сістэматызацыя ведаў.

Абсталяванне: Беларуская мова: вучэб. дапам. для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / З.І.Бадзевіч, І.М.Саматыя. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2020; мультымедыйная прэзентацыя; карткі з тэкстам верша; карткі з прыказкамі; дзве мелодыі для правядзення фізкультхвілінак – артыкуляцыйнай і фізічнай; схемы-малюнкі для зрокавай гімнастыкі “Магічнае вока”; плакаты для рэфлексіі; валейбольны мяч.

Эпіграф: Чалавек – гэта храм здароўя і прыгажосці. І каб гэты храм быў прыгожым і здаровым, павінен клапаціцца сам чалавек – захавальнік свайго храма (Майманід).

 

Ход урока

 1 Матывацыйна-арганізацыйны этап

 Стварэнне псіхалагічнага настрою.

 Настаўнік. Жыццё – гэта самае дарагое, што дадзена чалавеку. А што такое для вас жыццё?

Падбор асацыяцый да слова “жыццё” (вучні называюць словы, якія асыцыіруюцца ў іх са словам “жыццё”).

Выберыце тры самыя важныя паняцці (часцей за ўсё гэта “шчасце”, “сям’я” і абавязкова “ЗДАРОЎЕ”).

Настаўнік. Сёння мы з вамі і пагаворым пра самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, пра здароўе.

Гэту тэму мы абмяркуем пры падагульненні раздзела “Сказы з аднароднымі членамі. Знакі прыпынку ў іх”. Таксама прашу звярнуць увагу на нашу “Моўную скарбонку”. У ёй сёння новыя словы: артыкуляцыя, гіпакінэзія, валеалогія.

Зараз мы з вамі вызначым задачы на ўрок, і часткова дапаможа нам слова ЗДАРОЎЕ:

З – замацаваць веды пра аднародныя члены сказа
Д – даведацца, што такое артыкуляцыя, валеалогія, гіпакінэзія
А – адшукаць аднародныя члены ў сказах
Р – радавацца кожнай хвіліне жыцця
О – падтрымліваць адно аднаго
Ў – усвядоміць каштоўнасць здароўя
Е – выконваць правілы ЗЛЖ

– Здароўе – гэта самае вялікае багацце, якое з’яўляецца набыткам усяго грамадства. Моцнае здароўе забяспечвае нам доўгае і актыўнае жыццё, садзейнічае здзяйсненню нашых планаў, дапамагае пераадолець цяжкасці, а таксама дае магчымасцьпаспяхова вырашаць жыццёвыя задачы.

Вопыт паказвае, што звычайна клапаціцца пра сваё здароўе людзі пачынаюць толькі тады, калі хвароба нагадае пра сябе. Але лепш не чакаць гэтага, а з дзяцінства весці здаровы лад жыцця.

А хто ведае, як называецца навука пра здароўе чалавека? (Пасля адказаў вучняў дэманструецца адпаведны слайд.)

Валеалогія – сукупнасць навуковых ведаў
пра фарміраванне, захаванне, і ўмацаванне здароўя

Артыкуляцыйная гімнастыка.

Сёння мы з вамі будзем шмат гаварыць, і, каб не стаміўся наш моўны апарат, я прапаную вам зрабіць артыкуляцыйную гімнастыку. Практыкаванні змешчаны на слайдзе.

А хто з вас ведае, што такое артыкуляцыя? (Пасля адказаў вучняў дэманструецца адпаведны слайд.)

Артыкуляцыя – гэта работа органаў мовы (губ, языка, мяккага нёба, галасавых звязак) пры вымаўленні гукаў.

Таксама звяртаю вашу ўвагу на рубрыку “Магічнае вока”. На дошцы размешчаны малюнкі, да якіх вы зможаце звярнуцца на любым этапе ўрока самастойна, калі стомяцца вашы вочы.

     

Праца з эпіграфам.

Звернемся да эпіграфа нашага ўрока: “Чалавек – гэта храм здароўя і прыгажосці. І каб гэты храм быў прыгожым і здаровым, павінен клапаціцца сам чалавек – захавальнік свайго храма”.Майманід.

(Вучні выказваюць свае погляды на выказванне).

 

Гульня-размінка  “Дэтэктар праўды”.

Настаўнік  зачытвае правіла, калі вучні згаджаюцца – ставяць “+”, калі не “–”. Пасля гульні лісты з адказамі вывешваюцца на дошцы.

1) Я заўсёды мыю рукі перад ядой.
2) Я кожную раніцу раблю зарадку.
3) Я заўсёды выкарыстоўваю маску ў шматлюдных месцах.
4) Я кожны вечар кладуся спаць у адзін і той жа час.
5) Я сплю не менш за восем гадзін.
6) Я заўсёдызахоўваю дыстанцыю.
7) Я не куру.
8) Я рэдка ем чыпсы, п’ю кока-колу.
9) Я не ўжываю алкагольныя напоі, наркатычныя сродкі.
10) Я ніколі нікога не крыўджу і ні з кім не сваруся.
11) Я ўмею ствараць свой добры настрой.
12) Я не сяджу за камп’ютарам і тэлефонам больш за паўгадзіны.

– Вывешваю вынікі на дошку. Як бачыце, ёсць мінусы. Я вельмі рада, што ў нас праўдзівыя вучні. Малайцы! А што трэба зрабіць, кааб гэтыя мінусы пераўтварыліся ў плюсы? (Выконваць гэтыя правілы.)

 

2 Актуалізацыя апорных ведаў па дамашнім заданні

1) Праверка дамашнага задання

Практыкаванне № 253 падручніка (с. 155). Вучні павінны былі падрыхтаваць выказванне на тэму “Коска паміж аднароднымі членамі сказа”, выкарыстоўваючы схемы (адказы 2–3 вучняў).

2) Гульня ў мяч “Ты – мне, я – табе”.

Вучні задаюць адно аднаму пытанні і кідаюць мяч. Вучань адказвае на пытанне, кідае мяч наступнаму. Калі хтосьці не ведае адказу на пастаўленае пытанне, то кідае мяч настаўніку.

Прыкладныя пытанні:

– Што такое аднародныя члены сказа?
– Пры дапамозе якіх злучнікаў звязваюцца аднародныя члены?
– Ці могуць дапаўненні быць аднароднымі?
– Якія члены сказа могуць быць аднароднымі?
– Ці ўсе азначэнні будуць аднароднымі?
– Колькі радоў аднародных членаў можа быць у сказе?
– Якія знакі прыпынку могуць ставіцца паміж аднароднымі членамі?
– Якім членам сказа будзе з’яўляцца абагульняльнае слова?
– Ці заўсёды ставяцца коскі пры аднародных членах?

 

3 Пазнаваўча-аперацыйны этап

 1) Гутарка з вучнямі.

Як вы думаеце, якія віды здароўя бываюць? Ці можна выдзеліць сярод гэтых відаў найбольш важныя? (Пасля адказаў вучняў дэманструецца адпаведны слайд.)

  Фізічнае – функцыянальныя магчымасці органаў чалавека.
  Псіхічнае – стан агульнага душэўнага камфорту.
  Маральнае – сістэма агульначалавечых каштоўнасцей.

2) Заданне “Працягні фразу, складзі сказ з аднароднымі членамі”. (Работа ў парах).

   (Спорт, гігіена цела, правільнае харчаванне, рэжым, здаровы сон…)… з’яўляюцца асноўнымі ўмовамі фізічнага здароўя. 

   Псіхічнае здароўе ўключае ў сябе наступныя кампаненты… (жыццялюбства, упэўненасць, радасць, спакой…)

   У кабінеце, дзе праходзяць заняткі, абавязкова павінны выконвацца наступныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні… (дыстанцыраванне, праветрыванне, асвятленне…)

   (Размінкі на перапынках, фізкультхвілінкі, гімнастыка для вачэй, добры настрой…) усё гэта дапамагае мне не стамляцца на ўроках.

   (Сумленнасць, адказнасць, самакрытычнасць, аб’ектыўнасць…) усё гэта з’яўляецца неабходным складнікам маральнага здароўя чалавека.

Вучні запісваюць сказы ў сшыткі, расстаўляюць знакі прыпынку, падкрэсліваюць аднародныя члены сказаў.

3) Работа на картках.

Прачытайце верш Таццяны Шчытавай. Вызначыце яго асноўную думку. Устаўце літары, пастаўце адпаведныя знакі прыпынку, падкрэсліце аднародныя члены сказа.

Навошта чалавеку лекі,
Калі Усявышні шчодра даў
З…мельцы нашай пушчы р…кі
Птушыны спеў і водар траў.

М…роз зімы в…сны разлівы
І лета стомлены спакой
І ж…та хвалі-пералівы
І шэпат лісця пад нагой.

Не, мы б…жым хутчэй у(ў) аптэкі –
Яны ж у(ў) нас праз тры дамы –
І набываем лекі лекі
Ад сэрца нырак галавы.

Р…цэпт жыц…я даволі просты:
Да неба галаву у(ў)зняць,
Гл…дзець на зоркі, мыцца ў(у) росах
І песняй горла паласкаць.

Спагадай і пяшчотай гр…цца.
І слухаць салаўёў да рання,
Так, каб захо…ілася сэрца
Ад захаплен…я і кахан…я.

(Вучань услых чытае верш. Далей васьмікласнікі абмяркоўваюць змест верша, называюць аднародныя члены, каменціруюць расстаноўку прапушчаных літар і знакаў прыпынку паміж аднароднымі членамі сказа. Пасля адказаў вучняў дэманструецца адпаведны слайд)

4) Рубрыка “Моўная скарбонка”.

– У нас засталося адно слова з “Моўнай скарбонкі”. Гэта слова – ГІПАКІНЭЗІЯ. Што ж гэта за з’ява? (Пасля адказаў вучняў дэманструецца адпаведны слайд.)

Гіпакінэзія – гэта недастатковая рухальная актыўнасць

Фізкультхфілінка.

Гучыць рытмічная музыка. Вучні ўстаюць на фізкультхвілінку.

Давайце ўстанем дружна, разам,
Уменне рухацца пакажам.
Так паглядзім улева, управа,
На месцы ўсе паскачам жвава,
І нахінемся нізка-нізка,
Зноў станем прама, па-англійску.
Нарэшце ўдыхнем глыбока
І вернемся да тэмы ўрока.

5) Гутарка з вучнямі пра ЗЛЖ.

– Назавіце фактары, якія, на ваш погляд, уздзейнічаюць на здароўе чалавека (вучні выказваюць свае меркаванні, далей на экране з’яўляецца інфармацыя).

1 Маларухомы лад жыцця
2 Няправільны рэжым працы і адпачынку
3 Стрэсы
4 Няправільнае харчаванне
5 Шкодныя звычкі: курэнне, алкагалізм, наркаманія, таксікаманія
6 Парушэнне санітарна-гігіенічных норм.
7 Навакольнае асяроддзе
8 Спадчыннасць

– Як вы думаеце, наколькі кожны з гэтых фактараў уплывае на здароўе ў адсоткавым суаднясенні, калі пункты 1–5 – гэта лад жыцця і разглядаюцца як адзін складнік? (вучні выказваюць свае меркаванні, на экране з’яўляецца правільная інфармацыя).

1 Маларухомы лад жыцця                            
2 Няправільны рэжым працы і адпачынку 
3 Стрэсы
4 Няправільнае харчаванне
5 Шкодныя звычкі: курэнне, алкагалізм, наркаманія, таксікаманія
6 Парушэнне санітарна-гігіенічных норм – 10 %
7 Навакольнае асяроддзе – 20 %
8 Спадчыннасць – 20 %

Заданне. Карыстаючыся дадзенай інфармацыяй, складзіце сказы з аднароднымі членамі, запішыце іх.

5) Рубрыка “Народная мудрасць”

Заданне. Дадзены прыказкі пра здаровы лад жыцця, але словы ў іх пераблытаны. Трэба скласці прыказкі, знайсці аднародныя члены сказа.

   Розум ад мелкі віна будзе ды гарэлкі і кароткі. (Ад віна ды гарэлкі будзе розум кароткі і мелкі).

   Цела гарэлка баліць і галава весяліць ды і потым грэе. (Гарэлка грэе і весяліць, ды потым цела і галава баліць).

   Працы розум не аслабляе, а гарэлка дапамагае. (Гарэлка працы не дапамагае, а розум аслабляе).

   Б’ецца нап’ецца – дык з царамі, а як баіцца – дык пеўня ды курыцы праспіцца. (Нап’ецца – дык з царамі б’ецца, а як праспіцца – дык пеўня ды курыцы баіцца).

 

4 Дыягнастычна-карэкцыйны этап

Міні-дыктант. Вучні запісваюць пад дыктоўку тэкст, падкрэсліваюць аднародныя члены сказа.

Вучонымі даказана, што нават восем хвілін заняткаў спортам у дзень робяць жыццё больш доўгім. Гімнастыка, атлетыка, рухавыя гульні вельмі карысныя для сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгкіх, умацавання апорна-рухальнага апарата. Хадзьба дапамагае пазбавіцца лішняй вагі.

Працу, адпачынак, сон, ежу – усё гэта абавязкова павінен уключаць у сябе правільны распарадак дня. Чалавек, які не прытрымліваецца рэжыму, з часам становіцца нервовым, стомленым, падатлівым стрэсу, хваробам. Правільны распарадак дня дапаможа захаваць здароўе. (67 слоў).

 

5 Падвядзенне вынікаў

Зварот да задач, якія змешчаны на дошцы:

– Ці ўсе пастаўленыя задачы вы выканалі? (Адказы вучняў.)

 

6 Рэфлексія

     1) На гэтым этапе ўрока вучні самі выбіраць, як ацаніць сваю працу.

   – “Пахвалі сябе сам”. Напрыклад, вучань павінен з упэўненасцю сказаць: “Сёння на ўроку я лепш за ўсіх… (расстаўляў знакі прыпынку, адказваў правіла, чытаў верш, складаў прыказкі і г.д.).

   – “Працягні фразу: Сёння на ўроку я даведаўся…, зразумеў…, навучыўся…, зрабіў выснову…, паўтарыў…, не зразумеў… і г.д.

   – “Куфар прадказанняў”. Працягні фразу:
        а) “Калі я буду здаровым, я змагу…”;
        б) “Калі я не буду здаровым, то я не змагу…”.

     2) Настаўнік дае ацэнку працы вучняў на ўроку. Канчатковая адзнака будзе выстаўлена па выніках міні-дыктоўкі.

 

7 Дамашняе заданне

Напісаць міні-сачыненне з выкарыстаннем сказаў з аднароднымі членамі “Што я раблю кожны дзень, каб быць здаровым”.

 

Прэзентацыя Т.А.Гагарына Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий