Валянціна СТАНКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг
ясляў-сада № 73 Гродна
Колеры маюць велізарную ролю ў жыцці дзіцяці. Бо яны валодаюць дзіўнай сілай мяняць яго настрой, рэгуляваць сон і апетыт, уплываць на самаадчуванне і паводзіны. Адны каляровыя гамы могуць супакоіць малога, а іншыя, наадварот, – узбудзіць ці нават спалохаць. Акрамя таго, колеры раскажуць пра дзіцячы характар, пра трывогі і перажыванні.
Дзіцячая колератэрапія заснавана на ўздзеянні фатонаў святла на галаўны мозг дзіцяці. З дапамогай гэтага метаду магчыма дамагчыся пэўнага поспеху ў карэкцыі трывожнасці, павышанай раздражняльнасці, гіперактыўнасці і нават агрэсіўнасці.
Навукоўцы адзначаюць, што малыя да двух гадоў часцей аддаюць перавагу жоўта-зялёнай каляровай гаме. Таму на гэтым узроставым этапе лепш за ўсё будзе акружыць дзіця цацкамі і прадметамі інтэр’еру спакойнай аднатоннай палітры. Для дзяцей двух-трох гадоў цацкі могуць быць розных колераў (пажадана чатырох). Да шасці гадоў дзеці, як правіла, пачынаюць аддаваць перавагу яркім фарбам.
Большасць малых не цікавяцца каляровай гамай свайго адзення. Таму для карэкцыі паводзін або эмацыянальнага фону дзяцей варта выкарыстоўваць патрэбныя колеры ў інтэр’еры, пры выбары цацак і іншых прадметаў дзіцячага ўжытку.
Калектыў нашай дашкольнай установы выкарыстоўвае элементы колератэрапіі ўжо досыць даўно. Станоўчае ўздзеянне колеру выхавальнікі ўлічваюць пры афармленні інтэр’еру групы і выбары колеру сцен, пры падборы цацак і гульнявога абсталявання. Каляровая афарбоўка памяшканняў, мэблі, цацак – усё павінна выклікаць у дзяцей станоўчыя эмоцыі. Так, сцены ў спальнях пафарбаваныя ў светлыя, заспакаяльныя тоны, а ў групавых памяшканнях мы афарбавалі сцены ў розныя, але не кантрасныя, а блізкія па тоне колеры. Яркімі акцэнтамі, што стымулююць актыўнасць дзяцей, сталі цацкі і дыдактычныя дапаможнікі. У дадатак да каляровай гамы інтэр’еру, заўсёды прысутнічае зялёны колер – гэта жывыя расліны. Вядома, што зялёны колер гэта сімвал жыцця, росту і руху. Колер зеляніны ў інтэр’еры звязвае нас з прыродай. Дэманстрацыйныя дошкі ў групах таксама зялёнага колеру, што спрыяе больш дакладнаму ўспрыманню нагляднага матэрыялу.
З нашымі педагогамі мы праводзім навучальныя семінары, трэнінгі па выкарыстанні элементаў колератэрапіі ў працы з дзецьмі. Акрамя таго, гэтыя веды дапамагаюць і самім педагогам у рэгуляцыі ўласнага эмацыянальнага стану і спрыяюць прафілактыцы эмацыянальнага выгарання.
Выкарыстанне элементаў колератэрапіі ў працы з дзецьмі можа быць розным, у залежнасці ад пераваг псіхолага або выхавальніка і накіраванасці іх працы. Часцей за ўсё гэты метад практыкуецца ў рамках арт-тэрапеўтычных практыкаванняў.
Так, напрыклад, з мэтай дыягностыкі эмацыянальнага стану дзіцяці педагог прапануе выбраць аловак, колер якога падабаецца яму больш за ўсё. Пасля таго, як аловак абраны, яго прыбіраюць з поля зроку і прапануюць вылучыць з пакінутых колераў самы прывабны. Такім чынам, варта рабіць выбар да апошняга алоўка. Колерамі эмацыянальнага дабрабыту лічацца тры першыя алоўкі, выбраныя дзіцём, наступныя тры – колеры эмацыянальна нейтральныя, а апошнія адлюстроўваюць эмацыянальнае няшчасце.
Як правіла, малыя аддаюць перавагу жоўтаму, зялёнаму або чырвонаму колеру, што сведчыць пра іх нармальнае развіццё. Такіх дзяцей цікавіць усё новае, яркае і незвычайнае. Калі дзіця аддае перавагу чорнай або белай каляровай гаме, то гэта можа гаварыць пра яго замкнёнасць. Такому дзіцяці бывае больш камфорта ў адзіноце, чым у асяроддзі аднагодкаў.
Акрамя таго, калі маленькі чалавек аддае перавагу цёмным танам, то гэта можа паказваць на наяўнасць у яго страхаў, павышанага ўзроўню трывожнасці, няўпэўненасці. У перыяд крызісу трох гадоў чорным колерам у малюнку дзіця таксама можа выказваць пратэст. У старэйшых за чатыры гады маляванне ў цёмных танах часцяком адлюстроўвае наяўнасць якой-небудзь праблемы. А ў больш маленькіх дзяцей перавага цёмнага тону можа і не несці пад сабой схаванага сэнсу. Маляванне чорным колерам таксама можа з’яўляцца першым сігналам псавання зроку дзіцяці, таму што яно выбірае максімальна кантрасны для яго тон. Правільна інтэрпрэтаваць выбар дзіцём той ці іншай каляровай гамы дапаможа псіхолаг.
Для карэкцыі эмацыянальнага фону дзяцей мы выкарыстоўваем “рознакаляровыя фізкультхвілінкі”. Перад іх пачаткам выхаванцам даецца магчымасць разгледзець які-небудзь колер, палюбавацца ім (для гэтага выкарыстоўваем сюрпрызны момант – з’яўленне “госця”: цацкі, альбо іншага прадмета адпаведнага колеру), а затым ужо прапануем практыкаванні – “Малюем пальчыкамі”, “Каляровыя домікі”, “Запалі вясёлку”, “Воблачка феі”. Таксама педагогі разам з дзецьмі ў залежнасці ад настрою, пары года, ступені стомленасці дзяцей, выдумляюць “Каляровыя казкі”. Напрыклад, у “Жоўтай казцы” гаворка ідзе пра сонейка, і пра ўсё, што бывае жоўтага колеру, аналагічна – “Блакітная казка”, “Зялёная казка”, “Ружовая казка”. Такія практыкаванні, як правіла, выклікаюць глыбокую цікавасць і эмацыянальны водгук у дзяцей.
Выкарыстанне элементаў колератэрапіі ў дзіцячым садзе дазваляе не толькі вылучыць характэрныя псіхалагічныя рысы кожнага дзіцяці, але і своечасова прыняць меры па карэкцыі магчымых паводзінскіх і эмацыянальных парушэнняў.