Сцежка здароўя як сродак фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту

- 14:48ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

На фоне росту хвароб цывілізацыі, мы, педагогі ясляў-сада № 17 Мазыра, прыкладаем усе намаганні для таго, каб дзеці раслі здаровымі, але для гэтага ім трэба авалодаць мастацтвам захавання здароўя. У межах прафілактычнага праекта “Мазыр – здаровы горад” наша ўстанова адукацыі сумесна з Мазырскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі прыняла ўдзел у рэалізацыі прафілактычнага праекта для выхаванцаў “Сцежка здароўя”.

Мэта праекта – фарміраванне ў выхаванцаў паводзін і ведаў, якія спрыяюць захаванню здароўя і набыццю навыкаў вядзення актыўнага ладу жыцця. Удзельнічаюць у праекце выхаванцы малодшага і старэйшага дашкольнага ўзросту (педагогі Кацярына Курчыч, Святлана Труфанава, Святлана Русакова, Ірына Глюза), задзейнічаны кіраўнік фізічнага выхавання (Алена Гараніна), медыцынскі супрацоўнік.

Творчай групай распрацаваны маршрут “Сцежка здароўя”. Сцежка аформлена такім чынам, каб прыцягнуць увагу дзяцей да дзейнасці, да рухаў, заняткаў спортам, каб яна выклікала станоўчыя эмоцыі. Для дасягнення якаснага выніку на “Сцежцы здароўя” вызначаны станцыі.

На станцыі “Развівай-ка” дзеці з задавальненнем навучаюцца новым спосабам выканання розных гімнастычных, спартыўных практыкаванняў, удасканальваюць рухальныя ўменні і навыкі, развіваюць фізічныя якасці. Выкарыстанне гульнявых атрыбутаў, казачных персанажаў дазволіла праводзіць заняткі ў гульнявой форме.

Станцыя “Сакрэты здароўя” прызначана для правядзення практыкаванняў па прафілактыцы асанкі і плоскаступнёвасці. Любімая станцыя дзятвы – “Вясёлы стадыён”. На ёй дзеці ўдасканальваюць рухальныя навыкі, уменне дзейнічаць у камандзе, развіваюць валявыя і маральныя якасці, правільную рэакцыю рэагаваць на поспех і няўдачу.

Спыняючыся на станцыі “Духмяныя сакрэты” нашы выхаванцы выконваюць элементы дыхальнай гімнастыкі, практыкаванні на расслабленне, што спрыяе стварэнню станоўчага эмацыянальнага настрою на працягу дня.

Створаная “Сцежка здароўя” дазваляе праводзіць аздараўленчую работу не толькі ў летні перыяд. Складальным элементам рэалізацыі праекта з’яўляецца выкарыстанне прафілактычнай “Дарожкі здароўя”.

Хада басанож па няроўнай яркай паверхні пад вясёлую музыку – лепшы сродак прафілактыкі плоскаступнёвасці і ўмацавання мышцаў ступні! Такі бяспечны спосаб асцярожнага і натуральнага масажу дапамагае сфарміраваць правільную ступню, а значыць і прыгожую асанку.

У рамках праекта педагогамі запланаваны разнастайныя формы работы з дзецьмі: заняткі па фізічнай культуры, дыдактычныя, рухомыя гульні па фарміраванні здаровага ладу жыцця, чытанне мастацкай літаратуры, гутаркі, дні здароўя для самастойнага выкарыстання назапашанага досведу.

Набыццю выхаванцамі здароўя як фізічнага, так і псіхалагічнага, спрыяе наладжанае ўзаемадзеянне з вузкімі спецыялістамі. Кіраўнік фізічнага выхавання стварае ўмовы для рэалізацыі індывідуальных здольнасцей выхаванцаў. Музычны кіраўнік фарміруе ўменне правільна карыстацца дыханнем падчас фізічнай нагрузкі, слухаць свой арганізм з дапамогай серыі гукаў. Дзейнасць педагога-псіхолага накіравана на зніжэнне ўзроўню трывожнасці ў выхаванцаў, фарміраванне станоўчага эмацыянальнага фону, выхад негатыўных эмоцый. Медсястра забяспечвае медыцынскае суправаджэнне дзяцей на працягу ўсяго маршруту.

Засваенне культуры здаровага ладу жыцця немагчымае без актыўнага ўдзелу законных прадстаўнікоў. Для ўсталявання партнёрскіх стасункаў педагогі выкарыстоўваюць розныя формы работы: індывідуальнае кансультаванне, прэзентацыі, сумесныя мерапрыемствы актыўнага адпачынку.

На сайце ўстановы адукацыі змешчана ўкладка “Сцежка здароўя”, дзякуючы якой бацькі знаёмяцца з поспехамі і дасягненнямі сваіх дзяцей у рамках праекта, паралельна маюць магчымасць вывучыць карысную інфармацыю па пытаннях фізічнага выхавання свайго дзіцяці.

Рэалізацыя праекта будзе працягнута да снежня 2021 года. Але ўжо сёння  можна сказаць пра вынікі дзейнасці. Зменшыўся паказчык захворвання – індэкс здароўя на канец 2020 года ў групах складае 94,5 %. Павялічылася колькасць наведвальнасці выхаванцамі на 2 %. Палепшыліся паказчыкі фізічнага развіцця выхаванцаў: у старшай групе гарманічнае развіццё было 78 %, стала 94,8 %, у сярэдняй групе – 91,4 %, стала 95,7 %. Ёсць дынаміка ў развіцці апорна-рухальнага апарата (асанка, ступня).

Праект стаў добрай магчымасцю для супрацоўнікаў з прафесійнага пункта гледжання. Удзел у им дазволіў педагогам удасканальваць сваё майстэрства, сістэматызаваць рэсурсавы і метадычны матэрыял для максімальнай рэалізацыі адукацыйнага патэнцыялу, трансліраваць досвед работы па фізічным выхаванні сярод устаноў дашкольнай адукацыі.

Таццяна КАНАВАЛЬЧУК,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 17 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий