Шмат ураджэнцаў Беларусі служылі ў Афганістане з 1979 па 1989 гады. І ў нашым аграгарадку Усход Магілёўскага раёна ёсць воіны-інтэрнацыяналісты, якія памятаюць тую гарачую і трагічную пару ў далёкай краіне. Кожны год нашы школьнікі ўшаноўваюць суайчыннікаў, якія ваявалі ў Афганістане.
15 лютага школу наведаў Мікалай Пінчук. Падчас сустрэчы ён не толькі падзяліўся сваімі ўспамінамі, але і адказаў на пытанні. У 1987 годзе ён быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, у Афганістан. І тут не абышлося без рукі лёсу. Мікалай Яўгенавіч у маладосці не лічыў сябе смельчаком. Але аднойчы, калі прагуляў заняткі (вучыўся ён у 98-м вучылішчы Магілёва), пабаяўся строгага майстра і вырашыў з сябрамі адправіцца ў ваенкамат, каб папрасіцца добраахвотнікам у Афганістан. У апошні момант спалохаўся – успомніў, што яшчэ ў 10-м класе ўбачыў аднавяскоўца, які вярнуўся інвалідам з той далёкай краіны. Мікалай Яўгенавіч парваў сваю заяву. Сітуацыю ў вучылішчы забылі і даравалі, а вось лёс усё памятаў: і ў вясновы заклік 1987 года малады чалавек быў прызваны ў Афганістан.
Служыць яму давялося ў Кандагары ў разведцы: быў вадзіцелем БТР і снайперам. Двойчы быў паранены. Выстаяў, не паў духам і заўсёды памятаў словы бацькі: “Толькі наперад! Ад сябе не ўцячэш!” Вядома, многае яму давялося перажыць і ўбачыць: смерці салдат, суровыя ўмовы і зусім іншае жыццё далёка ад Радзімы. Узнагародай за ўсе выпрабаванні стаў медаль “За адвагу”. Менавіта гэтай узнагародай ён ганарыцца і лічыць галоўнай у сваім жыцці.
Шмат часу прайшло з той вайны. Такія сустрэчы вельмі важныя для нас не толькі як даніна памяці, але і як перадача вопыту і адвагі падрастаючым абаронцам Айчыны.
Надзея СЯМЁНАВА,
класны кіраўнік 7 “Б” класа
Усходаўскай сярэдняй школы
Магілёўскага раёна