Неяк на прагулцы мае выхаванцы заўважылі ледзяшы, якія звісалі з даху веранды. Ледзяшы былі рознай даўжыні і формы і вельмі спадабаліся дзецям. Я паабяцала, што навучу іх вырабляць ледзяшы самастойна, і не простыя, а рознакаляровыя.
І вось час надышоў. Прыгатаваўшы ўсё неабходнае, мы ўзяліся за справу. Дзеці самастойна выбіралі, у які колер будзе афарбаваны іх лядзяш. Далей яны змешвалі выбраную фарбу з вадой да атрымання яркага колеру. Атрыманай рознакаляровай вадой напоўнілі сіліконавыя формачкі і вынеслі іх на мароз. Мароз зрабіў сваю справу, ужо праз некалькі гадзін хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі атрымаць асалоду ад выніку сваёй працы.
Прыгожыя яркія ільдзінкі сталі ўпрыгожваннем нашага ўчастка. Гэты эксперымент не толькі дапамог дзецям адчуць сябе ў ролі чараўнікоў, але і ўзбагаціў веды дзяцей пра ўласцівасці вады. А мноства станоўчых эмоцый і гонар за прыгажосць, зробленую сваімі рукамі, стануць штуршком да развіцця пазнавальнай цікавасці дзяцей.
Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 2 Свіслачы