Мода ў спорце? Так-так, модныя спартыўныя веянні, якія прывабліваюць сучасных дзяцей і падлеткаў, – вось што вызначалі настаўнікі і дзеці Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сэрэдняй школы Навагрудскага раёна пры арганізацыі дня здароўя “Модна. Прэстыжна. Здорава”.
Аказалася, што модным у пятрэвіцкай дзіцячай суполцы стала правядзенне рухомых гульняў з удзелам прадстаўнікоў ад мужчынскай і жаночай палавіны: “Прынцэса. Землетрасенне. Замак”, “Бінга”, вулічныя спартыўныя танцы.
З дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій вучні знаёміліся з моднымі ў маладзёжным асяроддзі відамі вулічнага спорту “Спартыўная аэробіка”, “Скіпінг”, “Чэлендж”, асноўнымі правіламі правядзення флэшмобу.
Тут жа з’явіліся дзве новыя гульні – “Прэс-моб” і “Рыхтуемся да чаю”. Па прапанове хлапчукоў новая гульня “Прэс-моб” павінна ўключаць спаброніцтвы паміж дзвюма камандамі, дзе ўлічваецца агульная колькасць качкоў усіх удзельнікаў. Дзяўчынкі ж прапанавалі гульню “Рыхтуемся да чаю”, якая ўключала збор баранкаў па ліку. Вядучы лічыў да ста, на кожную лічбу ўдзельнікі павінны браць па адным баранку і нанізваць яго на вяровачку, каб затым з нанізанымі баранкамі піць чай. Колькі паспеў нанізаць бараначкаў – такую колькасць прысяданняў павінен зрабіць, бо чай з баранкамі – гэта пэўная колькасць калорый, якую трэба з дапамогай гульні спаліць.
Вясёлае спартыўнае мерапрыемтства сапраўды захапіла вучняў, і ім захацелася працягу. Дзяўчынкі вызвалі хлопчыкаў на паядынак па скіпінгу і аэробіцы, які мае адбыцца 23 лютага.
Модныя веянні вулічнага спорту цяпер уварваліся і ў Пятрэвічы!
Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сэрэдняй школы
Навагрудскага раёна