У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры ў Юрацішкаўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна адбылася сустрэча навучэнцаў з сучасным беларускім пісьменнікам Міхасём Зізюком.
Дзяўчынкі і хлопчыкі з нецярплівасцю чакалі сустрэчы з аўтарам кніг для дзяцей з Навагрудка – аднаго са старажытных гарадоў Беларусі. Іх цікавасць зразумелая: адна справа чытаць кнігі, а іншая – сустрэцца з тым, хто гэтыя творы напісаў. Да таго ж гэта магчымасць паразмаўляць з аўтарам і задаць яму пытанні.
– Кнігі трэба чытаць, – сказаў падчас сустрэчы аўтар. – Трэба імкнуцца размаўляць на роднай мове. Наша мова вельмі прыгожая, мілагучная, лёгкая, нібы крыльцы матылька.
Міхась Міхайлавіч прадставіў свае кнігі: казку “Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя”, аповесць “Таямніца гары Міндоўга”, казачную аповесць “Энэрджы і дзеці з 5 “А” і інш. У яго выкананні прагучалі аўтарскія песні. Для школьнай бібліятэкі пісьменнік падараваў сваю кнігу “Таямніца гары Міндоўга” з аўтографам.
Падчас сустрэчы дзеці задавалі творцу шмат пытанняў. Іх цікавіла, колькі кніг выдаў Міхась Зізюк, як даўно пачаў пісаць, калі прыходзяць ідэі для творчасці, чаму свае песні выконвае пад акампанемент гітары.
Дзяўчынкі і хлопчыкі выказалі пажаданні аўтару: напісаць творы пра незвычайныя прыгоды маленькіх іўеўчан. Дзеці вераць у цуды, і няхай іх мары збываюцца!
Алена МАРЦІНЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Юрацішкаўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна