Сёлета зіма расшчодрылася на снег і маразы. Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю на спартыўнае свята нашага раёна “Дзятлаўская лыжня – 2021” сабралася 40 каманд з усіх куткоў Дзятлаўшчыны.
Добрае надвор’е, выдатны настрой, камфортная траса і бадзёрая музыка – усё тут было для сапраўднага спартыўнага свята. Мерапрыемства праходзіла весела. Чаму ж весела? У многіх прысутных навыкі хадзьбы на лыжах “не ідэальныя”. Але гэта не галоўнае. Галоўнае – атрымаць станоўчыя эмоцыі, радасць і вялікую асалоду ад спаборніцтва. Хоць на двары і быў вялікі мароз, але ён не памяшаў нам дасягнуць добрых вынікаў.
Каманды заступілі на старт эстафетнай гонкі і даказалі, што на лыжах можа ісці кожны. Наш калектыў заўсёды настроены на перамогу, на барацьбу за прызавое месца. Зладжаная каманда паказала не толькі спартыўную падрыхтоўку, але і ўзаемную падтрымку, пазітыўны настрой. За нас хвалявалася група падтрымкі. Камандзе прыйшлося прайсці нялёгкую дыстанцыю. Рубяжы пераадольвалі і мужчыны, і жанчыны.
Пасля фінішу ўдзельнікі эстафеты віншавалі адно аднаго з перамогай, дзяліліся эмоцыямі. Кожны з удзельнікаў “Дзятлаўскай лыжні” атрымаў сваю перамогу – зарад здароўя і пазітыву да наступных спаборніцтваў.
Ірына КУЧЫНСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна