У Шчорсаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна прайшла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Вучні стараліся досыць актыўна і граматна выкарыстоўваць прыгажосць роднага слова ў зносінах, а таксама правялі конкурс агітплакатаў і малюнкаў на тэму захавання і развіцця беларускай мовы ў жыцці грамадства. Стараліся ўсе, аднак бескампраміснае журы выявіла лепшых. Сярод іх – работы вучняў 4-га і 5-га класа. Адзначылі і асаблівае старанне вучняў 6-га і 10-га класаў.
47 вучняў 4–11-х класаў традыцыйна напісалі дыктоўку па беларускай мове, многія з задавальненнем прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове і літаратуры “Буслік”.
У школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Дарэчы, некаторыя вучні пасля азнаямлення з ёй выказалі жаданне паўдзельнічаць у раённым этапе абласнога конкурсу буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”.
Мікалай АНТОНЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна