У Збароўскім яслях-садзе – базавай школе імя К.Н.Осіпава Рагачоўскага раёна прайшоў тыдзень беларускай мовы, у падрыхтоўцы і правядзенні якога актыўны ўдзел прымалі вучні. Яны не толькі развівалі цікавасць да роднай мовы ў малодшых школьнікаў, але і адчулі сябе больш самастойнымі і таленавітымі.
Выхаванне ў вучняў цікавасці да роднай мовы фарміруецца на працягу ўсяго часу навучання ў школе. З самых першых дзён навучання можна дапамагчы вучням стаць сапраўднымі мовазнаўцамі. Часта малодшыя вучні не разумеюць беларускую мову, але вельмі цікавяцца заняткамі старшакласнікаў. Мае назіранні за вучнямі пачатковых класаў падказалі, што неабходна высветліць узровень іх зацікаўленасці беларускай мовай і, калі гэта спатрэбіцца, правесці мерапрыемствы для карэкцыі ведаў і агульнай зацікаўленасці малодшых школьнікаў.
Першым этапам работы стала выяўленне ведаў вучняў пачатковых класаў пра родную мову. Для гэтага мной былі распрацаваны невялікія анкеты для апытвання. Адказы вучняў былі зафіксаваны і апрацаваны. Высветлілася, што ў рускамоўнай школе вучні значна часцей размаўляюць на рускай мове, чытаюць пераважна рускамоўныя кнігі, разумеюць рускую мову лепш, а на беларускай мове яны размаўляюць толькі на ўроках і горш разумеюць беларускія словы. Павага да беларускамоўных твораў у вучняў сфарміравана слаба, цікавяцца яны такімі творамі значна радзей, чым напісанымі па-руску. Гэтая інфармацыя была перададзена вучням 7–9 класаў для разважанняў і распрацоўкі плана далейшых дзеянняў. Пачалася цяжкая праца, якая працягвалася некалькі месяцаў. Вучні рыхтавалі і падбіралі матэрыял, каб максімальна зацікавіць малодшых школьнікаў. Дапамагалі ў падрыхтоўцы тыдня беларускай мовы і вучні 5–6 класаў, якія ўзялі на сябе адказнасць за лірычную частку, самі абралі і вывучылі вершы беларускіх класікаў, з якой пачаўся тыдзень, змаглі самастойна падрыхтаваць інсцэніроўку, якую правялі на заключным дні тыдня беларускай мовы.
Найбольш значным мерапрыемствам тыдня беларускай мовы стала свята “Мовазнаўцы”. Агульную праграму рыхтавалі вучні 9-га класа. Вучні 7-га класа разам з бібліятэкарам падрыхтавалі невялікую выставу кніг на роднай мове, каб кожны школьнік меў магчымасць далучыцца да культуры Беларусі. Вучні 8-га класа падрыхтавалі невялікую інсцэніроўку на беларускай мове па п’есе “Тэлефон”, аўтарам якой з’яўляюся я. Сцэнарый п’есы раней размяшчаўся на старонках часопіса “Пачатковая школа” (№ 9, 2020 г.). Сюжэт будуецца на ўзаемаадносінах бацькоў і дзяцей, закранае праблемы школьнага жыцця і паказвае магчымасці мірнага вырашэння канфліктаў.
Маленькім вучням былі прапанаваны дзве невялікія гульні, якія здаюцца даволі простымі, але развіваюць лагічнае мысленне, успрыманне беларускай мовы на слых. Гульню “Скончы радок” прапанавала і правяла вучаніца 7-га класа Кацярына Шаталава. Дзяўчынка чытала вясёлыя вершы на беларускай мове, а малодшыя школьнікі адгадвалі прапушчаныя словы. За правільна адгаданыя словы вучні атрымалі салодкія падарункі.
Гульня ад Дар’і Кандратавай, вучаніцы 7-га класа, называлася “Самы ўважлівы слухач”. Школьніца чытала казку, а як толькі яна называла дзеясловы, то вучні павінны былі паказаць гэтыя дзеянні. За аснову была ўзята беларуская народная казка “Заяц і вожык”. Маленькія слухачы паказвалі розныя дзеянні: скласці рукі, спяваць, стаяць, ісці, бегчы і іншыя.
Скончылася свята песняй пра родную мову, якую мы напісалі сумесна з вучаніцамі 7-га і 9-га класаў. Песня складзена на матыў знакамітай “We Will Rock You” англійскай групы “Queen”.
Вось некаторыя радкі песні: “…Мову беларускую любі і паважай! З ёй ты нарадзіўся, з ёю пражывай!..”; “Мова з табой ад самага дзяцінства, яе павінен ведаць ты, яна твая калыска!”; “Мова нас яднае! Размаўляйце з намі!..”.
Пасля святочных мерапрыемстваў з маленькімі вучнямі было праведзена анкетаванне для дыягностыкі зацікаўленасці беларускай мовай. Вынікі апытвання паказалі значна большую зацікаўленасць вучняў творамі беларускіх пісьменнікаў, беларускай мовай і літаратурай. Актыўная работа падлеткаў не прайшла дарма. Падлеткі адчулі сваю значнасць і самастойнасць. Далей планую яшчэ больш актыўна ўключаць старшакласнікаў у работу па падрыхтоўцы выхаваўчых мерапрыемстваў і значна большую ўвагу надаваць выхаванню цікавасці вучняў да беларускай мовы.
Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Збароўскага ясляў-сада – базавай школы імя К.Н.Осіпава
Рагачоўскага раёна