Наша мова вельмі меладычная і прыгожая. І гэта добра ведаюць выхаванцы старшай групы № 3 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка.
На працягу апошніх дваццаці гадоў 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. І гэта нездарма. Свята ўзнікла якраз дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак, падтрымаць нацыянальныя культуры і захаваць моўную разнастайнасць, а таксама забяспечыць права кожнага чалавека на карыстанне роднай мовай. Мы ўсё часцей карыстаемся рускай мовай, забыўшыся пра мілагучнасць і прыгажосць роднай.
Каб родная мова гучала, трэба дапамагаць новаму пакаленню разумець яе, выклікаць жаданне размаўляць на ёй, навучыць любіць сваю мову. Выхаванцы старшайгрупы № 3 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка ўжо трэці год наведваюць беларускамоўную групу і з задавальненнем кожны дзень размаўляюць па-беларуску. Нядаўна яны пабывалі ў Янкі і Арынкі, якія падрыхтавалі для іх розныя цікавыя кніжкі казак, вершаў, загадак і забаўлянак. Дзеці з задавальненнем слухалі, разгадвалі, вялі дыялогі, гулялі ў гульні.
Хочацца адзначыць, што нашы выхаванцы разумеюць родную мову, яны адчулі яе прыгажосць і меладычнасць, таму і палюбілі. І хоць яны яшчэ малыя, а кажуць, што, ведаючы родную мову і размаўляючы на ёй, адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі.
Наталля УЛОГА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка